BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

ВУП Беларусі ў 2023 годзе вырас на 3,9%

Аб’ём валавога ўнутранага прадукту ў мінулым годзе ў бягучых цэнах склаў 216,1 млрд рублёў. У супастаўных цэнах у параўнанні з 2022 годам ён павялічыўся на 3,9%, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.

Пры гэтым у пазамінулым годзе ВУП знізіўся на 4,7 працэнта, а значыць леташні год стаў для беларускай эканомікі больш-менш спрыяльным і дапамог выйсці на станоўчую дынаміку.

Што тычыцца далейшых прагнозаў, то найважнейшыя прагнозныя параметры развіцця краіны на 2024 год закладаюць, што прырост валавога ўнутранага прадукту складзе 3,8 працэнта.

Лукашэнка незадаволены адтокам капіталу з Беларусі

Аляксандр Лукашэнка на нарадзе, прысвечанай абароне беларускай эканомікі, заявіў пра адток сродкаў у “недружалюбныя краіны”. Паводле яго, гаворка ідзе пра мэтанакіраваны вывад прыбытку за межы Беларусі. Ён запатрабаваў ад урада вычарпальную інфармацыю пра тое, чаму ўзнікаюць такія прэцэдэнты. Лукашэнка лічыць, што Беларусь прапануе замежным інвестарам “адны з найлепшых умоў”. Маўляў, прыходзьце і працуйце.

Лукашэнка таксама крытычна паставіўся да ідэі ўрада больш гнутка падыходзіць да продажу маёмасці і доляў у бізнесе, якія належаць іншаземцам з “недружалюбных краін”. Улада забараніла прадаваць гэтыя актывы пасля ўвядзення санкцый супраць Беларусі. Лукашэнка лічыць, што меры ў адказ на санкцыі павінны працаваць на поўную моц, але пры гэтым заявіў, што “дзяржава не будзе страляць сабе ў нагу”. Урад прапанаваў прадугледзець выпадкі, калі такі продаж можа быць магчымы.

Літва будзе часцей правяраць беларускіх пасажырскіх перавозчыкаў

Пасля праверкі ў Вільні двух пасажырскіх аўтобусаў, зарэгістраваных у Беларусі, было ўстаноўлена, што ў вадзіцеляў адсутнічалі неабходныя дазволы на паездку, паведаміла Адміністрацыя транспартнай бяспекі Літвы. Агулам з леташняга ліпеня гэтая служба “праверыла 47 зарэгістраваных у Беларусі аўтобусаў, якія ажыццяўлялі рэгулярныя і чартарныя пасажырскія перавозкі паміж Беларуссю і Літвой”. “Пасля праверак амаль ва ўсіх аўтобусах зафіксаваны парушэнні. У 24 выпадках, кампаніі-перавозчыкі не мелі дазволу на праезд. У 25 — былі выяўлены парушэнні рэжыму ваджэння і адпачынку”, — гаворыцца ў рэлізе.

Ведамства ўдакладняе, што за парушэнні, якія дапускаюцца, накладаецца штраф у памеры ад 2,5 да 3 тысяч еўра. За паўторнае парушэнне сума штрафу павялічыцца ад 3 да 3,5 тысяч еўра. Таксама літоўскі бок пастанавіў ладзіць больш частыя праверкі беларускіх пасажырскіх перавозчыкаў, піша “Позірк”.

Самы вялікі круізны лайнер рыхтуецца да першага плавання

Самы вялікі ў свеце круізны лайнер “Ікона мораў” паспяхова завяршыў пробны запуск і гатовы адплыць у першы круіз з порта Маямі, піша Myfin.by.

Icon of the Seas валодае 20 палубамі, тут ёсць басейны на ўсе дні тыдня і шэсць даволі экстрэмальных водных горак. Лайнер здольны змясціць у сябе 7600 пасажыраў і 2350 чальцоў экіпажу. Яго даўжыня складае 365 м, а шырыня – 48 м. Кошт круізу на Icon of the Seas пачынаецца ад $1723 на чалавека за тыднёвае падарожжа з Маямі з заходам у Мексіку, Гандурас, Багамы. Знаходжанне ў каюце класа люкс абыдзецца ў $4099 на чалавека за сем дзён у моры і на астравах.

Продажы ўжо адкрыты як на 2024, 2025 і 2026 гады.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота з адкрытых крыніц