BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

ВУП Беларусі ў студзені — жніўні вырас

Валавы ўнутраны прадукт Беларусі павялічыўся за студзень — жнівень на 1,6% да аналагічнага леташняга перыяду, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт. Паводле звестак ведамства, аб’ём ВУП у бягучых цэнах склаў 180,1 млрд рублёў.

У чэрвені аналітыкі Еўразійскага банка развіцця ў макраэканамічным прагнозе на 2025-2027 гады адзначылі, што чакаюць рост ВУП Беларусі па выніках 2025 года на ўзроўні 3%. Міжнародны валютны фонд у красавіцкім аглядзе прагназаваў, што ВУП Беларусі павялічыцца сёлета на 2,8%. Сусветны банк называе 2,2%, а Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця чакае росту ВУП на 2,5%. Паводле зацверджаных Лукашэнкам найважнейшых эканамічных прагнозных параметрах, рост ВУП па выніках года павінен скласці 4,1%. (паводле «Позірк»)

Перавозчыкі сталі карыстацца чыгункай з Літвы

Пасля таго, як Польшча закрыла мяжу з Беларуссю для ўсіх відаў транспарту, некаторыя лагістычныя кампаніі знайшлі новую схему перавозак. Яны адпраўляюць тавар чыгункай праз Літву. “Па маршруце руху цягніка ёсць грузавыя тэрміналы. Да такога тэрмінала — у Каўнасе, Лодзі, Дуйсбургу — пад’язджае гружаная машына з прычэпам. Адчапляе прычэп, ён грузіцца на спецвагон — і тавар паехаў на ўсход. Чыгуначная мяжа Літва-Беларусь адкрытая і працуе”, — перадае выданне MOST словы прадстаўніка транспартна-лагістычнай кампаніі.

У якасці плюсоў ён называе тое, што ў чыгуначнай платформы няма рэжыму працы і адпачынку кіроўцы, яна не чакае ў чарзе на мяжы. Тавар праязджае частку маршруту чыгункай, потым прычэп зноў чапляюць да цягача. Такое падарожжа дазваляе эканоміць на выдатках, звязаных з кантэйнернымі перавозкамі. Раней кампаніі не карысталіся такім спосабам, але цяпер ён набывае папулярнасць. Гэты шлях моцна ўдарыць па польскіх перавозчыках.

Рэстаран Мак.by адкрыюць у Баранавічах

Рэстаран сеткі Mak.by да канца года адчыняць у Баранавічах. Навіной падзяліўся блогер «Мерзкі Какабай». Цяпер рэстараны сеткі працуюць у Менску, Берасці, Віцебску, Гомелі, Гародні і Магілёве. У кампаніі таксама ёсць мабільны рэстаран, які курсіруе на колах па іншых гарадах. Напрыклад, цяпер ён працуе ў Маладзечне.


У Польшчы плануецца рост мінімальнага заробку

Са студзеня 2026 года мінімальная заработная плата ў Польшчы павялічыцца і складзе 4806 злотых брута (1131 еўра), або прыблізна 3600 злотых (847 еўра) чыстымі. Мінімальная пагадзінная стаўка складзе 31,30 злотых (7,40 еўра). Павелічэнне мінімальнай заработнай платы будзе меншым, чым у мінулым годзе. У Польшчы мінімальную заработную плату атрымліваюць 15 працэнтаў працаздольнага насельніцтва — прыблізна тры мільёны чалавек.

Цяперашняя мінімальная заработная плата складае 4666 злотых (1098 еўра), а пагадзінная стаўка — 30,50 злотых брута (7,18 еўра).

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ілюстрацыйнае: minprom.gov.by.