У студзені валавы ўнутраны прадукт (ВУП) Беларусі скараціўся на 1,2% год да года. Аб’ём ВУП склаў 23,3 мільярда беларускіх рублёў, а індэкс-дэфлятар, які адлюстроўвае ўзровень інфляцыі, склаў 109,9%.

Спад ВУП адбыўся галоўным чынам з прычыны зніжэння вытворчасці ў прамысловасці на некалькі працэнтаў. Гэта закранула горназдабыўную і апрацоўчую прамысловасць, а таксама сферу водазабеспячэння і ачысткі. Зменшыўся і аб’ём грузаперавозак. У той жа час вытворчасць сельгаспрадукцыі павялічылася на 3,5%.
Урад Лукашэнкі спрабуе нарошчваць экспарт
Нарошчванне экспарту сёлета плануецца ажыццяўляць пры дапамозе дыверсіфікацыі за кошт рынкаў “далёкай дугі” і стымулявання ўнутранага попыту, заявіў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын. Вырашаць задачу росту экспарту на 3,7% (паказчык зацверджаны Лукашэнкам) плануецца некалькімі спосабамі.
Па-першае, урад заявіў пра намер павялічыць пастаўкі на рынкі краін “далёкай дугі” і СНД. Па-другое, улады думаюць як стымуляваць унутраны попыт, бо расейскі рынак сціскаецца. Таму цяпер айчынных аграрыяў пераводзяць на айчынную тэхніку. Акрамя таго, “каб стымуляваць экспарцёраў да пошуку новых рынкаў збыту, дыферэнцыравалі памеры фінансавай падтрымкі паводле прынцыпу: чым далейшы рынак і больш складаная прадукцыя, тым большая падтрымка з бюджэту”, піша “Позірк”.
За мільён даляраў прадаюць гарналыжны комплекс недалёка ад Менска
На адной з пляцовак выставілі на продаж гарналыжны комплекс «Якуцкія горы» ў Дзяржынскім раёне, які працуе з 2001 года і лічыцца адным з найстарэйшых у Беларусі. Комплекс знаходзіцца ў вёсцы Якуты. Яго кошт складае 2,864 мільёна рублёў, што прыкладна роўна аднаму мільёну даляраў. Агульная плошча тэрыторыі — 13,3 гектара.
На тэрыторыі абсталяваная гарналыжная траса даўжынёй 500 метраў з перападам вышыні 60 метраў і пад’ёмнікам. Ёсць горкі для катання на цюбінгах працягласцю ад 150 да 180 метраў. Акрамя таго, тут размешчаныя рэстаран, вялікі драўляны павільён, альтанкі, лазня з адкрытым басейнам і іншыя пабудовы. Раней комплекс ужо спрабавалі прадаць, піша «Наша Ніва».
Складзены рэйтынг краін па вытворчасці бульбы
Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН абнавіла інфармацыю аб сусветнай вытворчасці бульбы. Пры гэтым трэба ўлічваць, што статыстыка фарміруецца са спазненнем і свежыя даныя адносяцца да 2024 года. Паводле іх, лідарам па вытворчасці бульбы стаў Кітай, які вырасціў амаль 95 млн. тон клубняў.
Следам размясціліся Індыя (57,1 млн тон), Украіна (21,1 млн тон), ЗША (19,1 млн тон), Расея (18,4 млн тон). Беларусь займае 23 радок у спісе (3,1 млн тон), піша myfin.by.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота ілюстрацыйнае: shutterstock.com.






