BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Выезд з Беларусі на аўто за мяжу стане платным на пастаяннай аснове

Мясцовы збор за перасячэнне мяжы з’явіўся вясною 2021 года. Першапачаткова дэкларавалася, што сабраныя сродкі пойдуць «на папярэджанне і барацьбу з каронавіруснай інфекцыяй». Мясцовы збор дзейнічае да 1 лютага 2025 года. Але першы намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко паведаміў, што з 1 студзеня мясцовы збор з часовага перафарматуецца ў пастаянны.

На сёння збор складае адну базавую велічыню (40 рублёў). Але гэта не адзіныя абавязковыя выдаткі, якія мусяць плаціць падарожнікі. За рэгістрацыю ў электроннай чарзе легкавога аўто або матацыкла давядзецца заплаціць яшчэ 12 рублёў.  На зваротным шляху трэба праходзіць дэзінфекцыю ўсіх транспартных сродкаў, акрамя матацыклаў. Для легкавікоў гэта 2 рублі. Такім чынам, каб выехаць на легкавым аўто з Беларусі ў ЕЗ і вярнуцца, трэба выдаць мінімум 54 рублі.

Польскі ўрад рыхтуе моцны ўдар па Беларусі і Расеі

«Польшча вядзе інтэнсіўныя перамовы з партнёрамі па ЕЗ наконт ​​абмежавання паступлення танных штучных угнаенняў з Беларусі і Расеі. Польшча хоча ўвядзення 30-40 працэнтнага мыта на імпарт угнаенняў з гэтых краін» — сказаў міністр дзяржаўнай маёмасці Якуб Явароўскі.

Вытворцы штучных угнаенняў у краінах Еўразвяза ўжо шмат месяцаў скардзяцца на недобрасумленную канкурэнцыю на рынку, выкліканую паступленнем вялікіх аб’ёмаў штучных угнаенняў з Беларусі і Расеі. Штучныя ўгнаенні не падпадаюць пад санкцыі, якія былі ўведзеныя Еўракамісіяй супраць РФ, пасля нападу на Украіну. Расея не можа без абмежаванняў экспартаваць прыродны газ, таму канкуруе на знешніх рынках, выкарыстоўваючы дэмпінгавыя цэны іншых тавараў, паведамляe эканамічны польскі сайт wnp.pl.

За кастрычнік будаўніцтва кватэр у Беларусі скарацілася ў тры разы

У кастрычніку ў Беларусі пабудавалі 2 тысячы кватэр. Па выніках верасня іх было 6 тысяч, гэта значыць у тры разы больш, вынікае са звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Усяго ж за студзень – кастрычнік у краіне пабудавана 30,4 тысяч кватэр. Верасень стаў пікавым у гэтым годзе па новабудоўлях. З пачатку года ў эксплуатацыю ўвялі 2980,1 тыс. квадратных метраў агульнай плошчы жылля. Пры гэтым з агульнага аб’ёму ўведзенага жылля для маючых патрэбу з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі пабудавана 631,6 тыс. “квадратаў”.

Больш за ўсё жылля пабудавалі ў Менскай вобласці, у першай тройцы таксама Берасцейская і Гарадзенская, а найменш жылля пабудавалі на Віцебшчыне, піша Office Life.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота ілюстрацыйнае: t.me/granica_bypl.