BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вызначылі кошт палявання на чырвонакніжных мядзведзя і рысь

Урад Беларусі вызначыў цану палявання на чырвонакніжных мядзведзя і рысь, ахоўны статус якіх панізілі.

Савет міністраў Беларусі прыняў пастанову, згодна з якой мінімальны кошт дазволу на здабычу мядзведзя:

500 рублёў — для грамадзян Беларусі або іншых краін ЕАЭС;

1000 рублёў — для грамадзян іншых краін.

За дазвол на паляванне на рысь давядзецца заплаціць:

200 рублёў — для грамадзян Беларусі і краін ЕАЭС;

500 рублёў — для астатніх замежнікаў.

Акрамя гэтага, паляўнічыя павінны набыць адмысловую паляўнічую пуцёўку, яна каштуе сама меней 5 рублёў на чалавека. Новыя правілы палявання набываюць моц з 21 траўня.

Гэтыя бізнесы эфектыўна працуюць у Беларусі

Якія галіны беларускай эканомікі найбольш эфектыўныя? Выданне banki24.by звяртае ўвагу на такі паказчык як рэнтабельнасць – гэта суадносіны прыбытку ад рэалізацыі прадукцыі і выручкі за пэўны прамежак часу. Чым вышэй рэнтабельнасць, тым вышэй эфектыўнай працы гэтага бізнесу.

Зыходзячы з гэтага, найлепей сёлета ў Беларусі і найбольш рэнтабельна працуюць наступныя галіны:

– фінансавая і страхавая дзейнасць

– аперацыі з нерухомай маёмасцю;

– прафесійная, навуковая і тэхнічная дзейнасць;

– інфармацыя і сувязь;

– лесаводства і лесанарыхтоўкі.

Калі паўстане польская атамная станцыя?

«Не зважаючы на заявы Дональда Трампа, свет будзе адыходзіць ад выкапнёвага паліва», – запэўнівала міністр прамысловасці Польшчы Мажэна Чарнэцкая падчас Еўрапейскага эканамічнага форуму ў Катавіцах. Яна таксама агучыла дату паўстання першай польскай атамнай электрастанцыі.

Паводле актуальнай праграмы польскай ядзернай энергетыкі ў 2036 годзе павінна быць выпрацавана першая энергія на АЭС, – запэўніла міністр Чарнэцкая. Яна дадала, што адыход ад вугалю будзе паступова набліжаць нас да атаму.

Міністр таксама адзначыла, што падчас энергетычнай трансфармацыі будзе неабходна адпаведным чынам падрыхтаваць рынак працы і ажыццявіць неабходныя і справядлівыя сацыяльна-грамадскія змены.

Продажы «Тэслы» рухнулі на 71 працэнт

Кампанія «Тэсла» апублікавала вынікі за першы квартал 2025 года, паводле якіх чысты прыбытак кампаніі ў стварэнні і продажы электрамабіляў упаў за год на 71%. За гэты час «Тэсла» прадала амаль 337 тысяч сваіх электрамабіляў – гэта найгоршы квартальны вынік больш чым за два гады.

У адказ Ілан Маск заявіў, што з траўня рэзка скароціць колькасць сваіх дзён на пасадзе ў Дэпартаменце эфектыўнасці ўраду, якую прэзідэнт  Дональд Трамп стварыў асабіста для яго. Акцыі «Тэслы» ў выніку гэтага прыкметна падаражэлі. Раней удзел Маска ў кампаніі Трампа выклікаў у краіне пратэсты і вандалізм супраць аўтамабіляў «Тэсла». Многія людзі адмовіліся ад сваіх электракараў на знак пратэсту супраць палітыкі новага прэзідэнта.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: zviazda.by.