BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вызначылі новыя тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі

Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка падпісаў пастанову аб вызначэнні новых тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі, паведаміла прэс-служба ўрада. Новыя расцэнкі ўстанаўліваюцца з 1 студзеня 2025 года.

Павышаюцца тарыфы на электраэнергію для насельніцтва — на 11,9%. Для тыпавой кватэры пры нарматыўным спажыванні электрычнасці плата вырасце на 4 рублі 51 капейку. Таксама на 5% павялічаныя цэны на звадкаваны газ для насельніцтва. Цяпер 21-кілаграмовы балон будзе каштаваць 24 рублі 50 капеек. Пры гэтым цэны на прыродны газ не змяніліся і засталіся на ўзроўні мінулага года.

У цэлым адзначаецца, што плата за камуналку ў 2025 годзе вырасце на 21 рубель (палову базавай велічыні). (НН)

Мінус $1,3 мільярда cклала сальда замежнага гандлю ў 2024

Абарот знешняга гандлю Беларусі таварамі і паслугамі ў 2024 годзе перавысіў $100 млрд і вырас на 5,1% у параўнанні з папярэднім годам. Аднак сальда, якое было станоўчым у 2023-м, цяпер сышло ў глыбокі мінус, паведамляе Office Life cа спасылкай на Нацбанк.

Экспарт тавараў і паслуг за мінулы год склаў каля $49,4 млрд, а імпарт — амаль $50,7 млрд. Паводле папярэдніх даных Нацбанка, сальда знешняга гандлю ў выніку склала амаль мінус $1,309 млрд. Асноўны ўнёсак у разрыў паміж экспартам і імпартам зрабіў гандаль таварамі.

У Мінпрацы расказалі, колькі сем’яў перасяліліся з горада ў вёску

У Мінпрацы Беларусі расказалі, колькі сем’яў перасяліліся за 2024 год з горада ў вёску. Іх 26. Перасяленцаў з вёскі ў вёску — 51 сям’я. Гаворка пра беспрацоўных, якім прапануюць перасяленне з мэтай працаўладкавання на новым месцы.

Усе гэтыя людзі маглі адзін раз атрымаць фінансавую дапамогу. Беспрацоўнаму-перасяленцу выплачвалі 9 бюджэтаў пражытачнага мінімуму (каля 4 тысяч рублёў). Агулам такія выплаты за год склалі крыху больш за 300 тысяч рублёў (89 тысяч долараў). У выпадку атрымання грошай, беспрацоўнаму давядзецца адпрацаваць на новым месцы не менш за год. Дарэчы, найбольш запатрабаваныя ў сельгаспрадпрыемствах аператары машыннага даення, жывёлаводы і трактарысты. (“Еўрарадыё”)

Новыя дадзеныя пра заробкі ў Польшчы

Сярэдні заробак у Польшчы ў перыяд з кастрычніка па снежань мінулага года склаў амаль 8,5 тысяч злотых брута – інфармуе Галоўнае статыстычнае ўпраўленне (GUS). Гэта азначае істотны рост год да года. Так у чацвёртым квартале пазамінулага года сярэдні заробак складаў 7 540 злотых, а значыць на 12,4% менш. Дадам, што заробак брута – гэта заробак да выплаты падаткаў і іншых выплат, у тым ліку на пенсійнае і медыцынскае страхаванне.

Беларускае Радыё Рацыя