BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Wildberries істотна павялічыў продаж беларускіх тавараў на знешніх рынках

Маркетплэйс Wildberries у першым паўгоддзі нарасціў продажы беларускіх тавараў за межамі краіны на 42% год да года — да 1,2 млрд рублёў. Пра гэта расказалі дырэктар Wildberries у Беларусі Дзяніс Семянкоў і кіраўнік партнёрскіх праектаў у Беларусі Аляксандр Вілічынскі на Гарадзенскім міжнародным эканамічным форуме.

Праект Wildberries “Зроблена ў Беларусі” развіваецца пры падтрымцы інфраструктуры пяці лагістычных цэнтраў агульнай плошчай 39,9 тыс. кв. м. На пляцоўцы анлайн-рэтэйлера ў Беларусі зарэгістраваны больш як 19 тысяч прадаўцоў. Лідарамі продажаў за межамі краіны сталі беларускія тавары ў катэгорыях: “адзенне”, “прыгажосць”, “бялізна”, “мэбля”, “тэкстыль для дома”. У топ-10 беларускіх брэндаў, папулярных на экспартных рынках, уваходзяць: AMI, LUXVISAGE, Mark Formelle, Milavitsa, Conte, “Беларускія шпалеры”, “Беліта” і інш, паведамляе Office Life.

Беларускія шампіньёны карыстаюцца попытам

Кампанія «Боншэ», якая пабудавала на тэрыторыі СЭЗ «Брэст» пяць вытворчых карпусоў для вырошчвання шампіньёнаў на 41 тыс. кв. м, працягвае нарошчваць магутнасць. Кампанія прыступіла да рэканструкцыі і пашырэння плошчаў. Пра гэта паведамляе прэс-служба свабоднай эканамічнай зоны. Вытворца шампіньёнаў мае намер дадаткова абсталяваць яшчэ 12 памяшканняў для вырошчвання грыбоў. Цяпер вытворчы грыбны комплекс размешчаны на 11 гектарах. Гэта дазваляе вырабляць за месяц да 1400 тон прадукцыі. Для параўнання: 20 гадоў таму вытворчасць грыбоў складала ўсяго 50 тон за месяц.

Кампанія стала першым прадпрыемствам у СНД, якое адаптавала замежны вопыт будаўніцтва тыпавых комплексаў для вырошчвання шампіньёнаў. Кампанія «Боншэ» даўно стала экспартна арыентаванай: 90 працэнтаў прадукцыі экспартуюцца ў Расею, Казахстан, Польшчу і Грузію.

У Беларусі сабраліся будаваць яшчэ адзін кардонны камбінат

Намеснік старшыні канцэрна «Беллеспаперапрам» Сяргей Касьянаў паведаміў, што ў Беларусі плануецца стварыць новы цэлюлозна-кардонны камбінат, і зноў на базе кітайскіх тэхналогій. Па словах чыноўніка, магутнасць камбіната складзе не менш за 400-500 тон прадукцыі ў год. Акрамя таго, у планах значыцца і будаўніцтва новай вытворчасці драўняна-стружкавых пліт магутнасцю як мінімум 600 тысяч кубаметраў у год. Сяргей Касьянаў адзначыў, што цэлюлозны камбінат будуць ствараць з нуля — месца пад яго будаўніцтва пакуль выбіраюць.

Як заўважае «Наша Ніва», пры гэтым у Беларусі ўжо ёсць аналагічная вытворчасць, якая размяшчаецца ў Светлагорску. Яе таксама пачыналі будаваць кітайцы, але з-за канфліктнай сітуацыі завяршалі іншыя спецыялісты. З будаўніцтвам і эксплуатацыяй гэтага аб’екта неаднаразова ўзнікалі пытанні як з пункту гледжання экалогіі, так і бяспекі, а летась 17 чэрвеня на прадпрыемстве адбыўся выбух, ахвярамі якога сталі тры чалавекі.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота з адкрытых крыніц.