Адзінае ў Беларусі прадстаўніцтва міжнароднай брокерскай кампаніі E-Global Trade & Finance Group (вядомая як Forex4you ці Markets4you) было зачынена без тлумачэння прычын. Такі крок яшчэ больш згортвае доступ Беларусі да сусветнага пазабіржавага валютнага рынку.

Брокер Forex4you, які абслугоўвае больш за 2,9 мільёна трэйдараў і 52 тысячы партнёраў па ўсім свеце, адкрыў свой філіял у Беларусі ў 2021 годзе, аднак пасля пачатку вайны зладзіў рэбрэндынг і змяніў назву на Markets4you, прыбраўшы са сваёй платформы рускую мову. Прычына закрыцця філіялу Forex4you публічна не называецца, але гэта ўжо стала чацвёртым па ліку сыходам ліцэнзаваных Форэкс-брокераў з беларускага рынку з пачатку года, піша Finance Magnates. Цяпер у краіне засталося ўсяго шэсць Форэкс-брокераў, а раней працавалі 32 такіх кампаній, паведамляе НН.
У Беларусі расце аб’ём крэдытавання ў рублях
У Беларусі расце аб’ём крэдытавання ў нацыянальнай валюце, адзначаюць эксперты Еўразійскага банка развіцця. У ліпені аб’ём крэдытаў у рублях, выдадзеных банкамі, вырас на 2,8% у параўнанні з чэрвенем.
Актыўна бралі крэдыты прадпрыемствы. Тут у ліпені рост склаў 3% да аб’ёму чэрвеня. Павялічыўся і аб’ём крэдытавання фізічных асоб — 2,5% у ліпені супраць 2,1% у чэрвені. На рост крэдытавання грамадзян паўплывала павелічэнне колькасці спажывецкіх крэдытаў. А ўсяго з пачатку году аб’ёмы спажывецкіх крэдытаў павялічыліся на 21,6%. У ЕАБР адзначае, што высокую спажывецкую актыўнасць падтрымліваюць даступнасць крэдытаў і павелічэнне даходаў насельніцтва, піша “Еўрарадыё”.
У ЕЗ будуць выпускаць менш электрамабіляў з-за зніжэння попыту
У Еўразвязе зніжаецца попыт на электрамабілі, з-за чаго было прынятае рашэнне паменшыць аб’ёмы вытворчасці. Пра гэта піша выданне Financial Times са спасылкай на еўракамісара па пытаннях унутранага рынку Цьеры Брэтана. Ён зазначае, што з-за зніжэння аб’ёмаў вытворчасці Еўразвяз можа не рэалізаваць свой план па адмове ад транспарту з рухавікамі ўнутранага згарання да 2035 года.
Еўрапейскія вытворцы зараз вырабляюць больш танныя мадэлі, часткова размяшчаючы вытворчасць у Кітаі, дзе з канвеераў сходзяць мадэлі коштам менш за 20 тысяч даляраў. Падзенне попыту на еўрапейскія электракары звязана з высокай канкурэнцыяй з боку кітайскага аўтапраму, паведамляе Office Life.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: markettrack.id.