Выданне Tochka.by апытала ўдзельнікаў рынку і высветліла, што здарылася са звычайнай рэпчатай цыбуляй. Журналісты выпадковым чынам выбралі 12 крам у розных раёнах Менска — ад невялікіх гандлёвых кропак да буйных гіпермаркетаў. Толькі ў дзвюх з іх была цыбуля.

Прадстаўнікі гандлёвых сетак бачаць цэлы комплекс прычын такога дэфіцыту. Згодна з пастановай урада “Аб стабілізацыйных фондах тавараў”, цыбуля павінна была прысутнічаць у наяўнасці толькі да красавіка. Іншая пастанова вызначае, што гранічная цана цыбулі ў рознічным гандлі — 2,25 рубля. І няважна, імпартны гэта тавар ці айчынны. А закупачная цана імпартнай цыбулі не дазваляе гандлярам прадаваць яе па гэтай адпускной цане. Таму ў продаж трапляюць толькі тыя віды цыбулі, цэны на якія не рэгулююцца дзяржавай.
Продажы новых аўтобусаў МАЗ у Расеі абваліліся на 72%
Продажы новых аўтобусаў МАЗ у Расеі за першыя чатыры месяцы 2025 года абваліліся на 72,8%, паведамляе “Аўтастат”. За гэты перыяд прадалі 74 аўтобусы, у той час як за аналагічны леташні перыяд — 272. Як нагадвае “Еўрарадыё”, у Менску МАЗ пабудаваў новы завод па вытворчасці аўтобусаў. Пры гэтым у Расеі беларускія аўтобусы часта гараць.
У самой Беларусі арганізацыі аддаюць перавагу кітайскім аўтобусам.
Вялікая трансфармацыя Airbnb
Airbnb запусціла абноўлены дадатак. Кампанія працягвае пашырацца за межы сваёй асноўнай дзейнасці — кароткатэрміновай арэнды жылля. Карыстальнікі цяпер змогуць прадаваць і купляць паслугі ад масажу да персанальных трэнераў і кухараў.
Гэта адбываецца праз некалькі тыдняў пасля таго, як кампанія прадказала магчымае зніжэнне колькасці браніраванняў у ЗША, бо непрадказальная гандлёвая палітыка прэзідэнта Трампа ўплывае на спажывецкія настроі. Нягледзячы на тое, што з моманту запуску ў 2008 годзе Airbnb прыняў больш за два мільярды гасцей, кампанія сутыкнулася з шэрагам праблем апошнія гады, калі некаторыя гарады пачалі забараняць кароткатэрміновую арэнду. Новыя паслугі Airbnb спачатку будуць даступныя ў 260 гарадах.
Сусветныя цэны на рыс абваліліся да мінімуму за пяць гадоў
Каціроўкі ф’ючэрсаў на рыс апусціліся да мінімуму з лістапада 2020 года. На гэта звярнуў увагу “Інтэрфакс”. Яны наблізіліся да адзнакі $12 за 100 фунтаў на фоне ўзмацнення чаканняў росту сусветнай прапановы.
Справа ў тым, што ў травеньскай справаздачы Міністэрства сельскай гаспадаркі ЗША прадстаўлены прагноз па павелічэнні агульнага аб’ёму вытворчасці рысу сёлета і ў наступным годзе да рэкордных лічбаў. Гэтага чакаюць за кошт яе нарошчвання ў Індыі, Бангладэш і Кітаі.
Сусветнае спажыванне рысу таксама прагназуецца на рэкордным узроўні – 538,8 млн тон.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота з адкрытых крыніц.