Калі нічога “істотнага” не адбудзецца, то па выніках года можна чакаць росту эканомікі Беларусі на 4–5%, заявіў на брыфінгу старшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтра BEROC Анатоль Харытончык.
– Раней рост эканомікі прагназаваўся ў дыяпазоне 3–5% у залежнасці ад таго, як будзе складвацца сітуацыя. Я гэты прагноз захоўваю. Трэба будзе паглядзець, што будзе з выніковым ураджаем. Але, мяркуючы па ўсім, ВУП будзе 4–5%, калі нічога экстраардынарнага не адбудзецца, — адзначыў эксперт.
Паводле яго слоў, гадавы прырост ВУП “паскорыўся ў ліпені больш чым удвая за кошт каляндарнага і кліматычнага фактараў”. Эканоміка дэманструе “прыкметы выхаду на плато”, падкрэсліў Харытончык, таму “высокая верагоднасць знаходжання паблізу піка дзелавога цыклу, за якім рушыць услед фаза паслаблення эканамічнай дынамікі”. (паводле «Позірк»)

Гандаль паміж Беларусі і Германіяй вырас на 9,5%
Тавараабарот Беларусі з Германіяй за студзень-чэрвень вырас на 9,5 працэнтаў і склаў 1,16 мільярда еўра. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «Торговля без границ». Асноўны ўнёсак у тавараабарот зрабіў рост нямецкага экспарту на 15% да аналагічнага леташняга перыяду, цяпер экспарт склаў 1,06 мільярда еўра. Імпарт Германіі з Беларусі наадварот скараціўся на 28% да 97,6 мільёнаў еўра.
Як прыгадвае Office Life, аб’ём двухбаковага гандлю Германіі і Беларусі ў студзені-лютым ацэньваўся ў амаль 420 мільёнаў еўра. Тады быў зафіксаваны рост на 18,1% год да года. Таксама раней паведамлялася, што нямецкія кампаніі актыўна ўдзельнічаюць у таргах сухім малаком і казеінам на пляцоўцы Беларускай універсальнай гандлёвай біржы.
Сярэдні заробак у Польшчы: якія змены?
Статыстычны камітэт GUS агучыў новыя даныя адносна заробкаў на польскім рынку працы.
Заробкі ў кампаніях, якія маюць больш за 9 работнікаў, выраслі ў ліпені на 10,6% год да года. Сярэдні заробак склаў 8 тысяч 278 злотых брута, а значыць на рукі сярэднестатыстычны работнік атрымлівае 5 тысяч 970 злотых. Годам раней было 5 тысяч 430 злотых.
Эксперты прагназуюць, што пры гэтым дынаміка росту памеру сярэдняга заробку будзе паступова запавольвацца. Прыгадаю, што акурат у ліпені адбылося чарговае павышэнне мінімальнага заробку. Ад першага ліпеня ён складае 4 тысячы 300 злотых брута, гэта значыць да выплаты падаткаў. З пачатку 2025 года мінімальны заробак вырасце яшчэ на 326 злотых, або на 7,6 працэнта.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота ілюстрацыйнае: “Гомсельмаш”.