З 1 лістапада інтарэсы Беларусі ў Сусветным банку пачне прадстаўляць Расея. Пра гэта расказаў ТАСС выканаўчы дырэктар у арганізацыі ад Расеі Раман Маршавін. Ён удакладніў, што Масква з 1 лістапада будзе прадстаўляць і Менск, бо Беларусь пяройдзе ў расейска-сірыйскую дырэкцыю Сусветнага банка.

Да гэтага часу Беларусь прадстаўляла ў банку турэцка-бельгійская дырэкцыя. Але з ініцыятывы Менска сітуацыя змянілася. Яшчэ ў сакавіку 2022 года Сусветны банк абвясціў пра спыненне ўсіх сваіх праграм у Беларусі, пры гэтым новыя пазыкі арганізацыя не выдзяляе Менску з сярэдзіны 2020 года.
Польшча прапануе ўвесці вялікую пошліну на ўгнаенні з Беларусі
З просьбай падаць у Еўракамісію заяўку на ўвядзенне 30-працэнтнай мытнай пошліны на імпарт угнаенняў з Беларусі і Расеі Міністэрства дзяржмаёмасці Польшчы звярнулася да Міністэрства развіцця і тэхналогій. Апошняе “зрабіла дыпламатычныя дзеянні па гэтым пытанні”, паведамляе польскае выданне money.pl.
Медыя прывяло афіцыйныя статыстычныя даныя, згодна з якімі за сем месяцаў бягучага года Польшча імпартавала з Беларусі 185,5 тысяч тон угнаенняў. За той жа перыяд мінулага года краіна набыла 13,4 тысяч тон беларускіх угнаенняў. Такім чынам за год імпарт вырас амаль у 14 разоў. З Расеі Польшча імпартавала 721,5 тысяч тон угнаенняў (рост у 2,9 разу).
Пры гэтым чыстая страта польскага вытворцы ўгнаенняў Grupa Azoty у першым паўгоддзі гэтага года склала 748 млн злотых (каля 187 млн даляраў).
Ісландыя афіцыйна пераходзіць на чатырохдзённы працоўны тыдзень
Ісландыя афіцыйна пераходзіць на чатырохдзённы працоўны тыдзень. І пры гэтым дэманструе адзін з самых высокіх тэмпаў эканамічнага росту ў Еўропе: паводле вынікаў 2023 года ВУП краіны вырас на 5%. Гэта звязваюць у тым ліку і са скарачэннем працоўнага тыдня.
З 2020 па 2021 год 51% жыхароў вострава перайшлі на скарочаны тыдзень без зніжэння заробкаў у межах сацыяльнага эксперыменту. Гэта прывяло да росту эканомікі і нізкага беспрацоўя. Па словах экспертаў, прадукцыйнасць засталася на ранейшым узроўні або нават палепшылася, а дабрабыт работнікаў прыкметна ўзрос. Зменшыліся ўзровень стрэсу і рызыкі выгарання, палепшыўся баланс працы і асабістага жыцця. (Еўрарадыё)
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: tasnimnews.com