BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

З морквай і буракамі не ўсё добра

На гэтым тыдні ўрад Беларусі ўвёў часовае абмежаванне на вываз з Беларусі морквы і буракоў. Адпаведную пастанову падпісаў прэм’ер-міністр краіны. Цяпер для таго, каб вывезці з краіны названую гародніну, трэба атрымаць адпаведную разавую ліцэнзію ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Пакуль такое абмежаванне ўвялі на тры месяцы.

Фота: depositphotos.com

Чым выкліканае такое рашэнне ўрада? Самі ўлады кажуць, што галоўная прычына – гэта выкананне параметраў Дактрыны нацыянальнай харчовай бяспекі Беларусі да 2030 года. Іншымі словамі, спачатку трэба ўласнымі морквай і буракамі забяспечыць свой уласны ўнутраны рынак, а пазней ужо карміць суседзяў.

Важна яшчэ адзначыць і сітуацыю з цэнамі. Афіцыйныя дадзеныя гавораць, што ў сакавіку буракі падаражэлі больш як на 17,5 працэнтаў у параўнанні са снежнем, а морква – на больш як на 26,5 працэнтаў.

Афрыка нам дапаможа

На гэтым тыдні, 8 траўня, у Маскве прайшло пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Аднак, Лукашэнка па выніках пасяджэння шмат наракаў. Маўляў, актыўнасці бізнесу на тэрыторыю Еўразійскага эканамічнага саюзу не назіраецца, а праблем з транспартнымі паслугамі і лагістыкай – дастаткова, да таго ж канкурэнты падціскаюць, верагодна, маючы на ўвазе Кітай, які актыўна выцясняе беларускія тавары з расейскага рынку. Таксама Лукашэнка кажа, што ва ўмовах санкцый трэба быць больш паваротлівымі.

Затое пахваліўся ён супрацоўніцтвам з Манголіяй, Абʼяднанымі Арабскімі Эміратамі ды Інданезіяй. Таксама, калі хто верыць Лукашэнку, то дапаможа нам моцна і Афрыка, якая «па вушы наелася каланіялізму» заходніх краін, і цяпер мы – напэўна, Беларусь – павінны туды прыйсці. Ударым беларускімі трактарамі і камбайнамі па афрыканскіх саванах.

Хочаш добра зарабляць – стань дырэктарам

Ініцыятыва BELPOL параўнала заробкі дырэктараў і работнікаў. Хоць інфармацыя аб памеры афіцыйных заробкаў дырэктараў беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў і арганізацый заўсёды была таямніцай для звычайных людзей, аднак на кожную таямніцу знойдзецца той, хто яе раскрые.

BELPOL атрымаў дакументы пра заробак дырэктарскага корпусу арганізацый, якія падлягаюць Міністэрству прамысловасці, і падлічыў, што сярэдні заробак начальства складае ад 6 да 18 тысяч беларускіх рублёў. Гэта пры тым, што сярэдні заробак па краіне складае па стане сакавік крыху больш за 2 тысячы 100 рублёў, то бок 660 даляраў да выплаты падаткаў і збораў. Да прыкладу, журналісты «Флагштока» падлічылі, што на Жлобінскім БМЗ кіраўнік завода Дзмітрый Корчык атрымлівае каля шасці тысяч даляраў заробку ў эквіваленце, пры гэтым сярэдні заробак на заводзе складае 757 даляраў. Адметна і тое, што ў Корчыка аказаўся самы высокі заробак не толькі сярод кіраўнікоў дзяржпрадпрыемстваў вобласці, але і ўсёй краіны.

Дзе жыве больш за ўсё мільянераў?

Нягледзячы на размовы аб «зыходзе» багатых з Нью-Ёрка, горад па-ранейшаму застаецца сусветным лідарам па канцэнтрацыі буйнога прыватнага капіталу. Тут пражывае амаль 350 тысяч мільянераў – на 48% больш, чым 10 гадоў таму. Гэты азначае, што прыкладна адзін з 24 жыхароў Нью-Ёрка – мільянер. У горадзе налічваецца таксама 60 мільярдэраў і 744 чалавекі з інвестыцыйным капіталам звыш $100 млн.

Другое месца ў гэтым рэйтынгу займае рэгіён заліва Сан-Францыска, дзе пражывае амаль 306 тысяч мільянераў, а трэцяе – Токіа і 298 тысяч мільянераў. Сінгапур, займаючы чацвёртае месца, стаў адным з галоўных напрамкаў для міграцыі заможных людзей, прыняўшы каля 3400 новых мільянераў толькі ў мінулым годзе. (Office Life)

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя