Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім чытанні праект Падатковага кодэкса 2025 — дакумент павінен яшчэ ўхваліць Савет Рэспублікі і падпісаць Лукашэнка. У цэлым «падатковы ціск» на кожнага беларуса павялічыцца на 5—7 рублёў.
Гаворка ідзе пра тое, што стаўкі зямельнага падатку, падатку на нерухомасць, экалагічнага падатку, падаходнага падатку з фізічных асоб у фіксаваных сумах будуць праіндэксаваныя на прагнозны сярэднегадавы ўзровень інфляцыі ў 2025 годзе — 5,4%.
Таксама змены закрануць падатак на першую кватэру, падатак на здачу кватэры і транспартны падатак. Плануецца гэтыя падаткі павялічыць.
ЗВР Беларусі за месяц знізіліся на 139 мільёнаў даляраў
Золатавалютныя рэзервы Беларусі за месяц знізіліся на 139 мільёнаў даляраў. На 1 снежня яны складалі $8 млрд 795 млн. Золатавалютныя рэзервы раслі з ліпеня і былі на максімуме за чатыры гады.
Асноўным фактарам зніжэння ЗВР Нацбанк называе памяншэнне кошту манетарнага золата, уключанага ў рэзервовыя актывы. Раней кошт золата быў асноўным фактарам росту рэзерваў.
У адпаведнасці з прагнозамі ўрада, аб’ём міжнародных рэзервовых актываў Беларусі на канец года павінен скласці не менш за $6 мільярдаў.
Беларусь з 1 студзеня павысіць кошт прапампоўвання нафты
З 1 студзеня вырастуць тарыфы на паслугі па транспарціроўцы нафтапрадуктаў па трубаправодзе ААТ “Гомельтранснафта “Дружба” на тэрыторыі Беларусі. Пастанова Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю апублікавана на Нацыянальным прававым партале. Рост кошту складзе ад аднаго да пяці рублёў за тону. Мінулым разам кошт прапампоўкі нафты падвышалі з 1 студзеня бягучага года.
Традыцыя “Чорнай пятніцы” прыжылася ў Польшчы
Rzeczpospolita піша, што заходняя традыцыя, звязаная з распродажам у так званую «чорную пятніцу» незадоўга да свят (Black Friday) прыжылася ў Польшчы. Рух у гандлёвых цэнтрах значна павялічыўся, больш пакупнікоў таксама ў дыскантах і гіпермаркетах. Гэта і не дзіўна, бо святочны сезон можа стаць моцным імпульсам для пакупак.
Як адзначае выданне, згодна з дадзенымі рэкламнай кампаніі Proxi.cloud, у так званую «чорную пятніцу» найбольшы рост – аж на 32% у параўнанні з папярэдняй пятніцай – зафіксаваны ў гіпермаркетах. Рух у дыскантах павялічыўся на 10%, а ў гандлёвых цэнтрах і галерэях – на 8,5%.
Павелічэнне руху ў гандлёвых галерэях асабліва назіраецца ў перыяд трох тыдняў перад святамі. Рост складае ў сярэднім 34%.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц.