BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

З пачатку года цэны выраслі на 3,4% — Белстат

Спажывецкія цэны ў ліпені выраслі на 0,03%, сведчаць даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Харчовыя тавары патаннелі на 0,2%; нехарчовыя падаражэлі — на 0,3%, паслугі — на 0,1%. З пачатку года рост цэн склаў 3,4%.

На думку даследчага цэнтра BEROC, пры захаванні татальнага цэнавага кантролю спажывецкія цэны вырастуць на 5–7% па выніках 2024 года. Назапашаны інфляцыйны навес будзе паступова прасочвацца ў фактычныя цэны, і ў 2025 годзе інфляцыя можа паскорыцца да 6–9%. Згодна з найважнейшымі прагнознымі (дэ-факта планавымі) параметрамі развіцця краіны на 2024 год, інфляцыя не павінна перавысіць 6%.

У чым беларусы захоўваюць грошы?

Апытанне даследчага цэнтра BEROC праводзілася ў ліпені бягучага года. 64% рэспандэнтаў адказалі, што адкладаюць частку сваіх даходаў. Як яны захоўваюць зберажэнні?

Два самыя папулярныя спосабы — наяўныя грошы ў замежнай валюце і ў беларускіх рублях. Прычым колькасць тых, хто так робіць, амаль аднолькавая — 47% і 46% тых, хто адкладае заробак, адпаведна. З тых, хто зберагае ў валюце, пераважная большасць абірае даляр (90%). Пасля ідзе еўра (38%) і расейскі рубель (14%).

На трэцім месцы са спосабаў зберажэння — банкаўскі дэпазіт у беларускіх рублях (21% з ліку тых, хто адкладае). Банкаўскія дэпазіты ў валюце трымаюць 8% апытаных, якія захоўваюць грошы.

Урад забараніў увозіць у Беларусь макароны з “недружалюбных” краін

Дапоўнены пералік тавараў, забароненых “да ўвозу і рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі”, паведамляе прэс-служба ўрада са спасылкай на пастанову, падпісаную прэм’ер-міністрам Раманам Галоўчанкам. Спіс тавараў з “недружалюбных” краін дапоўнілі маргарын, макароны, цэмент і вырабы з яго, азотныя ўгнаенні, пластмасавы посуд, пліты ДСП, МДФ, скрыні, скрынкі, мяшкі, пакеты і іншая упаковачная тара з паперы і кардона, цэгла.

“Падпісаная пастанова — мера ў адказ на прынятыя Еўрапейскім саюзам пастановы аб пашырэнні з 1 ліпеня 2024 года санкцый у дачыненні да Рэспублікі Беларусь. Гэтыя меры ўступяць у сілу з 31 жніўня”, — адзначыла прэс-служба ўрада. Улады Беларусі лічаць недружалюбнымі краіны Еўразвяза, ЗША, Албанію, Вялікабрытанію, Ісландыю, Канаду, Ліхтэнштэйн, Нарвегію, Паўночную Македонію, Сербію, Чарнагорыю і Швейцарыю.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: UGC.