BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

З-за крызісу ў Чырвоным моры расце попыт на чыгуначны транзіт праз Беларусь

У беларускіх транспартнікаў з’явіўся шанец аднавіць грузаабарот. Попыт на перавозку тавараў з Азіі ў Еўропу па чыгунцы праз Беларусь і Расею значна вырас пасля пачатку крызісу ў Чырвоным моры, піша Financial Times, спасылаючыся на дадзеныя лагістычных кампаній і чыгуначных аператараў.

Напрыклад, кампанія DHL (Германія) прызнае, што запыты на перавозку грузаў па расейскім чыгуначным калідоры выраслі амаль на 40% пасля таго, як у снежні кантэйнеравозы прыйшлося перанакіроўваць па больш доўгім маршруце вакол Афрыкі. Rail Bridge Cargo (Нідэрланды) ацэньвае рост чыгуначных грузаперавозак праз Расею ў бягучым годзе на 31%.

Пасля таго, як хусіты пачалі нападаць на судны ў Чырвоным моры, час дастаўкі грузаў паміж Кітаем і Паўночнай Еўропай павялічыўся да 50-55 дзён. Пры гэтым, паводле ацэнкі DHL, час дастаўкі па чыгунцы з Кітая праз Беларусь і Расею ў Германію складае 25-30 дзён.

Санкцыі ЕЗ пры гэтым прадугледжваюць амаль поўную забарону на грузавыя аўтамабільныя перавозкі з Беларусі і Расеі, але не ўсе тавары трапілі пад санкцыі.  (паводле Office Life)

Дапамаглі “Дажынкі”? У адным з самых бедных раёнаў рэзка выраслі заробкі

Гарадскі пасёлак Карма на Гомельшчыне ўжо ў пачатку сакавіка сталі рыхтаваць да правядзення абласных “Дажынак”. Як паведамляе тэлеграм-канал “Гомельшчына афіцыйна”, пачалі з абнаўлення фасадаў і ўсталявання новых бардзюраў. Характэрна, што ў гэты ж час у гэтым раёне, адным з самых бедных у краіне, рэзка выраслі заробкі, піша news.zerkalo.io. У студзені сярэдні заробак у гэтым раёне склаў 1311 рублёў. Годам раней ён быў крыху больш за тысячу рублёў. У рэальным выражэнні сярэдні заробак вырас на 16,5%, тады як годам раней рост быў усяго 7,6%.

Можна меркаваць, што на росце заробкаў у раёне адбіліся якраз распачатыя працы па падрыхтоўцы да “Дажынак”. Гэта бачна таксама ў статыстыцы па рабоце прадпрыемстваў. У першую чаргу па інвестыцыях у будаўніцтве – у студзені яны выраслі больш чым у чатыры разы года да года.  Інвестыцыі ў машыны і абсталяванне выраслі больш як у сем разоў у гадавым выражэнні. Пры гэтым у іншых галінах рост куды больш сціплы. Напрыклад, сельская гаспадарка ўпала на 2,6 працэнта.

Оскар-2024: колькі каштавала цырымонія

У мінулую нядзелю ў тэатры “Долбі” ў Лос-Анджэлесе прайшла 96-я цырымонія ўручэння прэміі “Оскар”.

Партал WalletHub паведамляе, што правядзенне цырымоніі каштавала $56,9 млн – даражэй, чым у мінулым годзе. Адна толькі чырвоная дарожка абышлася $24,7 тысяч, арыенціровачны кошт кожнай статуэткі з 24-каратнага золата, уручанай пераможцам, склаў каля $400.

Паводле ацэнак рэсурсу, кошт падарункавага пакета ад арганізатараў намінантам у гэтым годзе дасягаў $125 тысяч.  Купля 30-секунднага рэкламнага блока падчас трансляцыі “Оскара-2024” каштавала $1,85 млн – сумарны даход тэлеканала ABC, які паказваў цырымонію ўручэння ўзнагарод, склаў каля $120 мільёнаў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Deutsche Bahn