За апошнія 10 гадоў гадавы аб’ём здабычы нафты ў Беларусі вырас з 1,65 да 2 мільёнаў тон, паведаміў старшыня канцэрна «Белнафтахім» Ілля Ікан.

Паводле яго, беларускія нафтавыя радовішчы знаходзяцца на завяршальным, чацвёртым этапе распрацоўкі, таму для далейшага павелічэння аб’ёмаў здабычы неабходна ўкараняць інавацыйныя тэхналогіі, якія дазваляюць распрацоўваць запасы нафты, якія цяжкія для здабычы.
Дзякуючы новым тэхналогіям сёння ў Беларусі здабываецца нафта там, дзе раней гэта было немагчыма або нявыгадна. Здабыча такіх запасаў значна вырасла: з 750 тысяч тон у 2019 годзе да 987 тысяч тон цяпер, што складае 49% ад агульнага аб’ёму здабычы.
Колькі беларусы трацяць на здароўе за месяц
У сярэднім беларусы за месяц трацяць каля 100 рублёў на ўрачоў і каля 70 рублёў на лекі. Максімальна ўдзельнікі апытання гатовыя выдаткаваць на кансультацыі лекараў, УГД, аналізы і т. д. у сярэднім 168 рублёў, а на лекі – каля 100 рублёў. Такія звесткі атрымаў партал 103.by у выніку ананімнага апытання больш як 1,2 тысячы чалавек.
42 працэнты апытаных часцей за ўсё выбіраюць дзяржаўныя медустановы, але часам звяртаюцца ў прыватныя. Амаль 77,5% апытаных лічаць, што пры большым узроўні даходаў стан іх здароўя мог бы быць лепшым. Больш за ўсё ўдзельнікам апытання не хапае сродкаў на стаматалагічныя паслугі. На другім месцы – МРТ, на трэцім – УГД. Таксама ў топ-5 – аналізы на гармоны, вітаміны, алергапанелі і калонаскапія.
Беларускія мытнікі затрымалі вялікую партыю імпартнага сыру
У Баранавічах мытнікі затрымалі беларуса, які арганізаваў увоз з Польшчы камерцыйнай партыі імпартных сыроў. Іх збіраліся перапрадаць у Расею. Для гэтага выкарыстоўвалася звыклая схема: тавар завозіўся ў Беларусь невялікімі партыямі фізічнымі асобамі нібыта для асабістага выкарыстання. Яны атрымлівалі сыр на польскім баку, а на беларускім – груз у іх забіраўся.
Усяго мытнікі знайшлі 250 кілаграм дэфіцытнай прадукцыі на агульную суму каля 30 тысяч рублёў. Ніякіх дакументаў на тавар не было. У выніку ў адносінах да «прадпрымальніка» распачаты адміністрацыйны працэс.
Ці сыдзе Carrefour з Польшчы?
Carrefour можа сысці з Польшчы, паведамляюць замежныя СМІ. У прыватнасці паведамляецца аб планах Carrefour прадаць свой польскі бізнес. Аднак гэта не першыя падобныя паведамленні — французскія СМІ разважалі на гэтую тэму яшчэ ў сярэдзіне 2021 года.
Што кажуць прадстаўнікі сетак з гэтай нагоды? Каментарый, атрыманы Business Insider Polska ад прэс-службы Carrefour, цяжка лічыць адназначным. А хто тэарэтычна можа набыць крамы Carrefour? На буйным рознічным рынку ў Польшчы Biedronka набірае абароты, Lidl пастаянна адкрывае новыя крамы, Aldi не хавае сваіх амбіцый. Польская сетка Dino таксама нядрэнна сябе паводзіць, усё часцей адкрываючы крамы не толькі ў невялікіх гарадах, але і ў мегаполісах. Дацкая Netto таксама з’яўляецца значным гульцом на рынку, набыўшы крамы ў брытанскага гіганта Tesco. Аднак на пытанне журналістаў адносна Carrefour у гэтых сетках не сталі адказваць.
Беларускае Радыё Рацыя






