За апошнія два тыдні з Латвіі ў Беларусь даставілі 18 вагонаў з люксавымі аўто. Усё гэта робіцца ў абыход санкцый Еўразвязу. Атрымальнікам грузу з’яўляецца “гаманец Лукашэнкі” Аляксей Алексін, сцвярджае “Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі”.

Вагоны прыбылі з латвійскай станцыі Грыва на беларускую станцыю Орша-Заходняя. Яны прывезлі дарагія аўтамабілі марак Lamborghini, Porsche, Ferrari, Bentley і г.д. — агулам каля 90 машын. Атрымальнікам з’яўляецца кампанія “Энерга-Оіл”, якая належыць Алексіну. Паведамляецца, што новыя аўтамабілі пастаўляюцца ў Беларусь па пакуль яшчэ не забароненым шляху чыгункай. Потым іх выгружаюць у Оршы і далей на фурах вязуць пакупнікам — як правіла, у Расею, куды пастаўкі забароненыя санкцыямі ЕЗ.
Банкі зніжаюць прыбытковасць па валютных дэпазітах да 0,1
Беларускія банкі здзіўляюць працэнтамі па валютных дэпазітах. Калі кладзеш у банк даляры ці еўра, стаўка складае ўсяго 0,1%. Што адбываецца?
Можна меркаваць, што банкі тэрмінова рэагуюць на павышэнне нарматыву адлічэнняў у гэтак званы «фонд абавязковых рэзерваў» — ФАР, які з 1 жніўня будзе складаць 20% (ад пачатку 2024-га нарматыў складае 18%). Нацбанк аргументуе павышэнне «наданнем дадатковага імпульсу працэсам дэвалютызацыі беларускай эканомікі». Банкі знайшлі наступнае выйсце: зніжаюць стаўку па прыцягненні, каб у іх або забіралі валюту, што ўжо добра — не трэба плаціць працэнты, або, другі варыянт, каб даляры ды еўра ў банку ляжалі амаль бясплатна, тады банк можа іх размяшчаць на рынкавых умовах і крыху зарабляць. (паводле “Наша Ніва”)
На Гомельшчыне паўсюль вярнулі электрычнасць
Аб падачы напружання ва ўсе населеныя пункты Гомельскай вобласці, якая найбольш пацярпела ад урагану 14 ліпеня, паведаміла ў ноч на 19 ліпеня Міністэрства энергетыкі. Ведамства прызнае, што для забеспячэння электразабеспячэння часткі з іх выкарыстоўваюцца дызель-генератарныя ўстаноўкі.
Міністэрства энергетыкі адзначае, што ў рэгіёне адноўлена работа 51 сістэмаўтваральнай лініі электраперадачы, у тым ліку дзвюх ліній 330 кВ, 90 сістэмаўтваральных электрычных падстанцый, больш як пяці тысяч трансфарматарных падстанцый. «У ліквідацыі наступстваў урагану было задзейнічана 197 аварыйных брыгад з усіх абласцей, агулам больш за 1,5 тысяч чалавек і 276 адзінак тэхнікі. Працягваюцца работы па індывідуальных заяўках спажыўцоў», — гаворыцца ў паведамленні.
Беларускае Радыё Рацыя