BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

За год аб’ём складскіх запасаў у Беларусі вырас на траціну

Па выніках студзеня — кастрычніка аб’ём складскіх запасаў прамысловай прадукцыі склаў 11 млрд 311 млн 847 тыс. рублёў. Гэта амаль на 33% больш, чым за аналагічны леташні перыяд, падлічыў “Позірк”.  

Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц
Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц

Найгоршая гадавая дынаміка адзначаецца ў Гарадзенскай вобласці, дзе складскія запасы выраслі амаль на 71%, і ў Магілёўскай вобласці, дзе рост перавысіў 61%. Вядома, калі прадукцыя збіраецца на складах, яна не прадаецца, а прадпрыемствы не атрымліваюць прыбытку.

Ecolines запусціць новы рэйс праз «Баброўнікі-Бераставіца»

Аўтобусная кампанія Ecolines з 19 лістапада запусціць рэйс праз пагранпераход «Баброўнікі-Бераставіца», які адкрыўся. Як паведаміў перавозчык, новы рэйс – гэта “Менск-Беласток-Варшава”. З Беластока падарожнікі маюць магчымасць дабрацца да Вільні. Таксама з 17 лістапада праз пункт пропуску “Бераставіца-Баброўнікі” запусціў свой рэйс па маршруце “Гародня-Беласток” перавозчык “Зэт”.

DND Group Polska sp.z.o.o з 22 лістапада запускае рэйс Менск-Беласток-Варшава з заездам у Ліду і Гародню. Ажывіліся і іншыя перавозчыкі.

За колькі прадалі самую дарагую кватэру ў Беларусі ў кастрычніку

Самай дарагой кватэрай у Беларусі за кастрычнік стала сталічная нерухомасць у ЖК «Алімпік Парк» – яна абышлася пакупніку ў 500 тысяч даляраў, піша Realt. Знаходзіцца комплекс у Лебядзіным каля заказніка. Кватэра плошчай 140,4 квадратнага метра мае чатыры пакоі, а кошт аднаго квадратнага метра складае 3 тысячы 561 даляр.

Раней Office Life распавядаў пра самы дарагі дом, прададзены ў кастрычніку, — ім стаў катэдж коштам 996 тысяч даляраў паблізу Менскага мора.

Падае кошт расейскай нафты

Цэны на расейскую нафту маркі Urals дасягнулі самага нізкага ўзроўню за больш чым 2,5 гады, паведаміла агенцтва Bloomberg. Кошт складае 36 даляраў 61 цэнт за барэль. Гэта часткова з’яўляецца вынікам санкцый, абвешчаных адміністрацыяй Дональда Трампа, якія прывялі да зніжэння попыту на расейскую нафту. Пры гэтым даходы ад экспарту нафты і газу складаюць чвэрць бюджэту Расеі, а розніца ў цэнах з сырой нафтай маркі Brent у цяперашні час складае больш за 20 даляраў.

Часовыя кантракты для іншаземцаў: магчымыя змены

Гаворка ідзе пра тое, што інспектары змогуць мяняць заключаныя часовыя працоўныя дамовы – у працоўныя кантракты, якія даюць больш правоў працаўніку, а наймальнік павінен плаціць за яго ўсе сацыяльныя ўзносы і падаткі.

Разглядаецца і магчымасць патрабавання заплаціць пратэрмінаваныя ўзносы і падаткі, калі інспектар вырашыць, што працаўнік павінен працаваць на працоўнай дамове. У апошняй версіі закона фігуруе максімальна трохгадовы тэрмін заплаты ўзносаў і падаткаў.  Новыя правілы ўрад намераны прыняць яшчэ ў лістападзе, пазней законапраект разгледзіць Сейм і мае яшчэ зацвердзіць прэзідэнт.  

Беларускае Радыё Рацыя