BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

За год беларусы праз літоўскую Tax free вярнулі каля 5 мільёнаў еўра

З кастрычніка 2022 года да лістапада 2023 толькі грамадзяне Беларусі прадставілі больш за 174 тысячы дэкларацый, на аснове якіх ім вярнулі 4,77 млн еўра падатку на дабаўленую вартасць (ПДВ вяртаюць за пакупкі на суму не меншую 40 еўра).  У Літве паслугу вяртання ПДВ прадастаўляе ЗАТ Global Blue Lietuva. Яго кіраўнік Дзяніс Грынявічус сказаў, што найчасцей ПДВ вяртаюць менавіта беларусы, на якіх прыпадае амаль 85%, піша “Позірк”.

Сярод тавараў, за якія ажыццяўляецца вяртанне, больш за чвэрць складае электроніка. Далей ідуць тавары хатняга ўжытку, адзенне і абутак, прадукты харчавання, спартыўныя тавары, парфумерыя ды іншыя. Сярэдні кошык пакупак беларуса ў Літве, за які просяць вярнуць ПДВ, складаў 235 еўра.

У Беларусі ў лістападзе паскорылася інфляцыя

У лістападзе ў Беларусі прыкметна паскорылася гадавая інфляцыя — да 5,4% год да года. У кастрычніку гэты паказчык складаў 3,7 працэнта. Сярод прычын, якія прывялі да росту цэн, эксперты Еўразійскага банка развіцця называюць высокі рост унутранага попыту і павышэнне інфляцыйнага фону ў Расеі. Цэны ў лістападзе раслі як на тавары, так і на паслугі. На харчовыя тавары гадавая інфляцыя склала 6,1%. Паслугі з мінулага лістапада падаражэлі на 8,2%. Падаражэлі і нехарчовыя тавары, хаця некалькі месяцаў запар цэны ў гэтым сегменце зніжаліся, заўважае “Еўрарадыё”.

Казахстан не хоча, каб Беларусь павышала тарыф на прапампоўку нафты

Казахстан не згодны з планамі Беларусі павысіць тарыфы на прапампоўку нафты, бо гэта пагражае істотнымі стратамі. Пра гэта піша расейскае інфармацыйнае агенцтва Sputnik са спасылкай на казахстанскае Мінэнерга.

Казахстан дамаўляўся з Германіяй і Расеяй аб прапампоўцы нафты праз сістэму “Транснафты” да 1,2 мільёна тон у год праз нафтаправод Атыраў-Самара праз сістэму “Дружба” ў Германію. Прапампоўка ідзе па тэрыторыі Расеі, Беларусі і Польшчы. Беларусь хоча павялічыць тарыф на транспартаванне казахстанскай нафты на 43%. У Мінэнэрга Казахстана падлічылі, што іх краіна пры гэтым страціць каля 2,64 мільёна даляраў.

У ведамстве лічаць неабходным правесці перамовы па гэтым пытанні з беларускім Мінэканомікі і канцэрнам “Белнафтахім”.

Кошт загарадных дамоў істотна завышаны

У лістападзе на беларускім рынку загараднай нерухомасці назіраўся анамальна высокі попыт, параўнальны з вясновымі месяцамі. Пры гэтым спецыялісты гавораць, што большая частка выстаўленых на продаж дамоў неліквідная з-за неапраўдана высокіх цэн, піша Realt.by.

Пакупнікі ў лістападзе вельмі актыўна цікавіліся загараднымі дамамі. Напрыклад, дыяпазон цэн на добрыя сучасныя дамы з ацяпленнем у Менскім раёне складаў $30-60 тысяч, на звычайныя вясковыя дамы – $8-15 тысяч, а на катэджы ў прыгарадах Менска – $155-345 тысяч. Прычым гэта кошт рэальных здзелак. У снежні з-за ўмоў надвор’я і попыт, і прапанова чакана аселі. Але праблема таксама ў цэнах. У агенцтвах кажуць, што яны завышаны больш як па 70-ці працэнтах аб’ектаў, піша Office Life.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: bielany.um.warszawa.pl