BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

За год кампаній з беларускімі каранямі ў Казахстане істотна пабольшала

Колькасць юрыдычных асоб і філіялаў з удзелам Беларусі ў Казахстане за мінулы год узрасла на 24,5 працэнта, да 732 арганізацый. Большая частка гэтых бізнесаў спецыялізуецца на гандлі, астатнія ў сферах транспарту, складзіравання, у сферы інфармацыі і сувязі.

У сферы міграцыі прыватных асоб статыстыка такая: за 2023 год з Беларусі ў Казахстан пераехалі на пастаяннае месца жыхарства ўсяго 153 чалавекі.

У 2023 годзе тавараабарот Беларусі і Казахстана знізіўся на 16,4 працэнта ў параўнанні з пазамінулым годам, і склаў 912,5 мільёнаў даляраў, піша Office Life.

Былы ўладальнік сонечнай электрастанцыі падаў у суд на Лукашэнку

У суд на Беларусь падаў грамадзянін Вялікабрытаніі Кіабад Тутанян Машад, якому раней належала сонечная электрастанцыя ў Чэрыкаўскім раёне Магілёўшчыны, піша Reform.by. Адказчыкам выступае Рэспубліка Беларусь, а таксама Аляксандр Лукашэнка, прэм’ер-міністр, міністры замежных спраў, юстыцыі, эканомікі, энергетыкі і старшыня Дзяржкаммаёмасці.

Гаворка ідзе пра сонечную электрастанцыю на выселеных тэрыторыях Чэрыкаўшчыны. Там паставілі больш 388 тысяч фотаэлектрычных модуляў — гэта найбуйнейшая сонечная электрастанцыя ў Беларусі. У камерцыйную эксплуатацыю станцыю запусцілі ў лютым 2022 года. Але ў траўні таго ж года адключылі ад нацыянальнай энергасістэмы, заявіўшы аб праблемах з якасцю вырабленай электраэнергіі. Летась інвестар прапаноўваў ураду Беларусі пачаць перамовы. Ён патрабаваў цалкам кампенсаваць яму інвестыцыі — гаворка ішла пра сотні мільёнаў даляраў. Сёлета ў студзені ўрад нацыяналізаваў электрастанцыю і выставіў яе на аўкцыён. Але купляць сонечную электрастанцыю ніхто не захацеў.

У Польшчы працягваюць расці заробкі

У лютым сярэдняя зарплата ў Польшчы склала больш за 7 тысяч 978 злотых без выліку падаткаў і ўзносаў (1 тыс. 845 еўра). У параўнанні з мінулым годам рост склаў 13%, паведаміла Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Польшчы. Калі браць пад увагу рэальную зарплату і ўзровень інфляцыі, якая паступова ў Польшчы зніжаецца, то актуальны рост заробкаў – найбольшы цягам апошніх 10 гадоў.

Найбольшыя заробкі ў Польшчы – у горназдабываючай прамысловасці. Сярэдняя зарплата ў гэтым сектары эканомікі склала каля 14-ці тысяч злотых брута. На другім месцы – ІТ-галіна. У ёй сярэдні заробак склаў каля 13,5 тысяч злотых. Найменшыя заробкі – у бюджэтнай сферы, а таксама ў галіне грамадскага харчавання і турызму.

З 1 ліпеня ў Польшчы чарговы раз будзе падвышаны мінімальны заробак да 4 тысяч 300 злотых брута, гэта 994 еўра, на рукі – 745 еўра, паведамляе Польскае радыё.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: Яндекс.Карты.