За студзень – чэрвень у Беларусі купілі 708 пустых дамоў. Гэта на 7% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Пры гэтым 407 дамоў прадалі за адну базавую велічыню (42 рублі), піша realt.by. Пры гэтым 3 353 пустыя дамы атрымалася вярнуць у абарот.

Паводле прадпрыемства Дзяржаўнай камунальнай маёмасці, паляпшэнне сітуацыі з пустым жыллём звязана са стварэннем адзінага рэестра такой нерухомасці. Там зараз сабрана больш за 26 тысяч такіх аб’ектаў. Новы ўласнік такога дома мае год на тое, каб прывесці дом і ўчастак у жылы выгляд. Пры неабходнасці гэты тэрмін могуць падоўжыць. Новы ўладальнік, калі ён поўнасцю разлічыўся за дом, можа перапрадаць яго калі захоча.
Гарадзенскія прадпрыемствы не змаглі аспрэчыць заходнія санкцыі
Суд Еўрапейскага звязу 3 ліпеня вынес рашэнне па справе прадпрыемства “Гродна Азот”, адхіліўшы апеляцыю кампаніі і яе завода “Хімвалакно” на іск супраць Рады ЕЗ, звязаны з накладзенымі санкцыямі. Раней гэтыя прадпрыемствы ўжо спрабавалі адмяніць рашэнне Агульнага суда Еўразвязу, але безвынікова. Суд палічыў, што кампаніі былі ўключаныя ў санкцыйны спіс правамерна і пастанавіў пакінуць санкцыі ў сіле.
Суд падкрэсліў, што для прызнання кампаніі, якая падтрымлівае рэжым, не патрабуецца даказваць яе прамы ўдзел у парушэннях правоў чалавека або рэпрэсіях. Дастаткова таго, што прадпрыемства прыносіць даход дзяржаве і, такім чынам, садзейнічае захаванню рэжыму Лукашэнкі.
На Падляшшы просяць адкрыць адзін з памежных пераходаў
Радныя падляшскага Сейміка заклікалі польскі ўрад адкрыць адзін з памежных пераходаў з Беларуссю, якія месцяцца ў рэгіёне. Радныя адзначаюць, што гэта дапаможа развіццю рэгіёна, які пакутуе ад эканамічных наступстваў закрыцця мяжы.
Падляшскія аўтамабільныя памежныя пераходы з Беларуссю зачыненыя ўжо некалькі гадоў. Пераход Кузніца зачынілі ў лістападзе 2021 года пасля пачатку міграцыйнага крызісу. Пераход Баброўнікі зачынілі ў сакавіку 2023 года пасля вынясення прысуду актывісту Саюза палякаў у Беларусі, журналісту Анджэю Пачобуту. Не працуюць і турыстычныя пераходы ў Белавежы і Рудаўцы. Радныя звяртаюць увагу, што ў сферы гандлю і мясцовага бізнесу колькасць кліентаў з Беларусі практычна знізілася да нуля, знізіліся абароты шматлікіх кампаній, мытных органаў, прадпрымальнікаў і так далей.
Продажы Tesla падаюць другі квартал запар
Глабальныя продажы Tesla у другім квартале скараціліся на 13% год да года. Як піша Bloomberg, у красавіку – чэрвені кампанія прадала 384 тысячы 122 аўтамабіля.
Квартальныя вынікі Tesla па продажах супярэчаць словам Ілона Маска аб тым, што аўтамабільны бізнес брэнда аднавіўся пасля спаду ў пачатку года: у траўні мільярдэр казаў, што продажы ідуць добра і іх значнага зніжэння не чакаецца. Кампанія разлічвала на рост продажаў за кошт абноўленай версіі Model Y, сваёй самай папулярнай мадэлі электрамабіля. Аднак у астатнім састарэлы мадэльны шэраг Tesla саступае па прывабнасці кітайскім BYD і Xiaomi, да таго ж свае пазіцыі на амерыканскім рынку электрамабіляў узмацняе General Motors. Таксама Tesla можа сутыкнуцца з дадатковымі цяжкасцямі, калі Кангрэс ЗША падтрымае адмену субсідый на куплю электрамабіляў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае: lidanews.by