Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ “Аб узмацненні адказнасці старшыняў райвыканкамаў”. Мэта ўказа – падвысіць эфектыўнасць работы стратных сельгасарганізацый. Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым партале.

У прыватнасці, аблвыканкамы будуць прымаць рашэнне аб замацаванні за старшынямі райвыканкамаў па адной стратнай гаспадарцы. Гаворка ідзе аб сельгасарганізацыях, якія за справаздачны перыяд дапусцілі максімальную страту ад рэалізацыі прадукцыі, работ ці паслуг, і не выканалі нарматыў падзёжу буйной рагатай жывёлы.
Дакументам прадугледжана, што па выніках працы такой стратнай гаспадаркі будуць вырашаць, ці выплачваць старшыні райвыканкама прэмію. За невыкананне паказчыкаў з яго зарплаты здымуць устаноўленую законам даплату за складанасць, напружанасць і інтэнсіўнасць працы.
Таксама ў гэтым выпадку старшыню райвыканкама могуць перавесці на пасаду кіраўніка замацаванай за ім гаспадаркі. Такое права ўказ дае старшыні аблвыканкама.
Асноўныя палажэнні ўказа ўступяць у сілу праз тры месяцы.






