Польскія вытворцы гародніны патрабуюць, каб урад забараніў імпарт агуркоў і таматаў з Беларусі і Расеі. Яны кажуць пра няроўныя ўмовы праз кошт энергарэсурсаў і ўведзеныя Расеяй санкцыі супраць еўрапейскай гародніны.

У каментарыі парталу o2.pl аперацыйны дырэктар Асацыяцыі вытворцаў таматаў і агуркоў у цяпліцах Лукаш Гвіздала расказаў, што асацыяцыя вядзе па гэтым пытанні актыўныя перамовы з урадам. Ён дадаў, што польскія вытворцы нясуць большыя выдаткі, бо абавязаныя выконваць нормы ЕЗ па якасці і вытворчасці прадукцыі. У расейцаў такіх абавязацельстваў няма. Гвіздала мяркуе, што гэта несумленная канкурэнцыя.
Прадстаўнікі польскіх вытворцаў таксама звяртаюць увагу на выпадкі, калі прадукцыя з Беларусі ці Расеі ў еўрапейскіх крамах не мае маркіроўкі пра краіну паходжання.
Еўропа зноў будзе купляць беларускія пялеты, заявіў Лукашэнка
Накіраваць “горы адкідаў” дрэваапрацоўкі на вытворчасць паліўных гранул — пялет даручыў Аляксандр Лукашэнка, наведваючы дрэваперапрацоўчы комплекс “Ляскавічы” нацыянальнага парку “Прыпяцкі” (Петрыкаўскі раён Гомельскай вобласці). Маўляў, улады Беларусі будуць “ажыццяўляць жорсткі ціск наконт укаранення катлавой гаспадаркі”, піша “Позірк”.
Лукашэнка заявіў, што некалькі гадоў таму, калі ён даручаў арганізаваць у Беларусі вытворчасць пялет, меркавалася, што гэты від паліва будуць пастаўляць на рынак Еўразвязу, але “…санкцыі па нас ударылі: Еўропа ўсё гэта скупляла па пэўных цэнах, цяпер яны, ачмурэўшы, стрэлілі сабе ў нагу і гэта не купляюць. Маюць вялізную цану па электраэнергіі, па газе і гэтак далей. Яны ачомаюцца. Яны прыйдуць да нас”, — сцвердзіў Лукашэнка.
Пайшла ў банкруцтва кампанія «Белрыба»
У Беларусі пачаўся працэс банкруцтва аднаго з найбуйнейшых вытворцаў рыбнай прадукцыі — ААТ «Белрыба». Заяву разгледзіць Эканамічны суд Менска, паведамляецца на сайце Вярхоўнага суда Беларусі.
Прадпрыемства мела больш за 60 гадоў вопыту працы і было вядомым вытворцам вэнджанай і вяленай рыбы, рыбных далікатэсаў, кансерваў і прэсерваў. Таксама «Белрыба» займалася імпартам марожанай рыбы і морапрадуктаў. Гандлёвая сетка кампаніі ўключала фірменны магазін у Менску, секцыі ў буйных сталічных крамах, а таксама крамы ў Слуцку, Салігорску і павільёны ў іншых гарадах. Склады і філіялы «Белрыбы» працавалі ў абласных цэнтрах, Полацку, Баранавічах, Барысаве, Лідзе, Жлобіне, Калінкавічах, піша «Наша Ніва».
Апублікаваны рэйтынг самых дарагіх люксавых брэндаў
2025 год паказвае, што раскошныя брэнды застаюцца ўстойлівымі і здольнымі адаптавацца, нягледзячы на рызыкі і зменлівыя рынкі. Chanel і Dior дэманструюць магутны рост і ўплыў. Porsche захоўвае тытул самага дарагога брэнда раскошы восьмы год запар з брэнд-коштам $41,1 млрд. Аднак Chanel, які паказаў уражлівы рост у 45%, ужо наблізіўся да лідара, абышоўшы Louis Vuitton, які паказаў толькі сціплы рост у 2%.
Dior захаваў шостае месца, у той час як Rolex падняўся на дзве пазіцыі да 5-га месца з ростам у 36%, дзякуючы рэкордным даходам і ўстойліваму попыту. Таксама ў топ-спісе самых дарагіх брэндаў свету: Ferrari, Gucci, Guerlain, Lancôme і Cartier.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц






