Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон аб рэспубліканскім бюджэце Беларусі на 2026 год.

Даходы бюджэту запланаваныя на 54,4 мільярда рублёў, а выдаткі — 58,7 мільярда. У параўнанні з гэтым годам паступленні павялічацца на 12,4%, а выдаткі — на 10,4%. Асноўны рост даходаў чакаецца за кошт падатку на дададзеную вартасць, падаходнага падатку, падатку на прыбытак, а таксама паступленняў ад знешнеэканамічнай дзейнасці.
Дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту вызначаны на суму 4,3 мільярда рублёў, што складае менш за 1,5% валавога ўнутранага прадукту.
У Беларусі здабылі рэкордны аб’ём нафты
Канцэрн «Беларуснафта» паведаміў, што нафтавікі дасягнулі гістарычнага паказчыка: па выніках года аб’ём здабытай нафты склаў 2 мільёны тон. Галоўным фактарам поспеху сталі новыя тэхналогіі. Дзякуючы лічбаваму кіраванню і метадам гарызантальнага бурэння, спецыялісты змаглі здабываць нафту з цяжкадаступных пластоў, якія раней лічыліся неперспектыўнымі.
У 1975 годзе прадпрыемства выйшла на пік гадавой нафтаздабычы — каля 8 мільёнаў тон. Затым з прычыны абмежаванасці запасаў і іншых прычын гэты ўзровень дзесяцігоддзямі зніжаўся. Толькі ў 2017‑м годзе сталі паступова нарошчваць аб’ёмы.
Ужо ў наступным годзе нафтавікі плануюць здабыць 2,1 мільёна тон, а да 2030 года выйсці на ўзровень 2,3 мільёна тон у год.
“Беларусбанк” зрабіў даступным абмен валют анлайн
Кліенты “Беларусбанка” атрымалі новыя магчымасці па куплі і продажу валюты. Цяпер гэта можна зрабіць у карпаратыўнай сістэме “інтэрнэт-банкінг”. Як анансавалася, кліентам будуць даступныя аперацыі з беларускімі і расейскімі рублямі, далярамі, еўра і юанямі.
Максімальная сума адной аперацыі абмежавана або 1 тысячу даляраў, або 1 тысячу еўра, або 100 тысячамі расейскіх рублёў, або 10 тысячамі юаняў. Але колькасць аперацыі ў суткі не абмежавана.
У Польшчы мінімальны заробак з 1 студзеня складзе 850 еўра
З 1 студзеня 2026 года мінімальны месячны заробак у Польшчы павялічыцца на 140 злотых (сёння каля 33 еўра) — да 4806 злотых брута (1136 еўра).
Пасля выплаты падаткаў і сацыяльных узносаў супрацоўнік атрымае «на рукі» каля 3605 злотых (каля 852 еўра ў эквіваленце). Чакаецца, што мінімальны заробак складзе палову ад сярэдняга ўзроўню па краіне.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц.






