Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі зацвердзіла пералік тавараў, якія з“яўляюцца істотна важнымі для ўнутранага рынку.

Прыгадаем, што ў 2023 годзе быў прыняты закон «Аб абмежаванні выключных правоў на аб“екты інтэлектуальнай уласнасці». У адпаведнасці з ім быў дазволены так званы паралельны імпарт, калі тавары могуць увозіцца з трэціх краін без дазволу праваўладальніка ў выпадку, калі праваўладальнік гандлёвай маркі спыніў пастаўкі іх у Беларусь. Нядаўна дзеянне закона прадоўжылі да канца 2025 года, хоць спачатку планавалася, што ён будзе дзейнічаць да канца 2024.
У спісе пазначаныя вырабы са шкла, медзі, чорных металаў, дываны, адзенне, абутак, электрычныя машыны і абсталяванне, аптычныя прыборы і шматлікія іншыя групы тавараў.
Як пенсіянеру, які працуе, атрымліваць поўную пенсію
У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны расказалі, як будзе адбывацца выплата пенсіі ў поўным памеры тым беларусам, якія працягваюць працаваць на пенсіі. Прыгадаем, што з 1 студзеня 2025 года адмяняюцца абмежаванні па памеры пенсій працоўным пенсіянерам. Як піша БелТА, мера будзе рэалізаваная ў аўтаматычным рэжыме. То бок для пераразліку пенсій звяртацца нікуды не трэба.
На гэты момант пенсіянер, які працягвае працаваць, можа губляць у заробку, у асобных выпадках сума, якую недаатрымлівае работнік, можа даходзіць нават да 500 рублёў.
Прымаючы змены, улады хочуць зацікавіць пенсіянераў у больш працяглай працы. Паведамляецца, што сёння больш за 400 тысяч беларусаў працягваюць працаваць, дасягнуўшы пенсійнага ўзросту.
Дзе ў Беларусі больш за ўсё пустых дамоў
У Беларусі — больш за 22,6 тысяч пустых дамоў. З іх па больш як 3,3 тысячы аб’ектах шукаюць гаспадароў ці праваўладальнікаў, піша “Сельская газета” са спасылкай на Адзіны рэестр маёмасці. Больш за ўсё пустых дамоў – у Берасцейскай вобласці. Іх там амаль 4,4 тысячы Сярэдні пачатковы кошт продажу дасягае 1 тысячы 200 рублёў. Менш за ўсё «ненаселеных» дамоў – у Віцебскай вобласці: крыху больш за 3 тысячы.
Ніжэй за ўсё пачатковы сярэдні кошт продажу – у Гарадзенскай вобласці. Там такі аб’ект каштуе 553 рублі. Даражэй за ўсё пустыя дамы каштуюць у Менскай вобласці: пачатковы сярэдні кошт — каля 1,7 тысяч. (Office Life)
Токіа ўводзіць скарочаны працоўны тыдзень для дзяржслужачых
З красавіка наступнага года дзяржаўныя служачыя ў Токіа змогуць працаваць па чатырохдзённым працоўным тыдні. Для бацькоў дзяцей малодшых класаў уводзіцца магчымасць абмяняць частку заробку на больш ранні сыход з працы. Гэтыя новаўвядзенні накіраваныя на барацьбу з рэкордна нізкім узроўнем нараджальнасці ў Японіі і на стварэнне ўмоў, якія садзейнічаюць балансу паміж кар’ерай і сямейным жыццём, піша onliner.by.
Японія ўжо доўгі час сутыкаецца з падзеннем нараджальнасці. Жорсткую культуру працагалізму і высокі кошт жыцця называюць галоўнымі прычынамі дэмаграфічных праблем. Многія жанчыны вымушаны выбіраць паміж кар’ерай і сям’ёй, а знясільваючы працоўны графік ускладняе выхаванне дзяцей.
Беларускае Радыё Рацыя