Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў найважнейшыя прагнозныя параметры развіцця Беларусі на 2026 год.

Рост валавога ўнутранага прадукту вызначаны на ўзроўні 102,8% да ўзроўню бягучага года за кошт нарошчвання інвестыцый у асноўны капітал, росту экспарту тавараў і паслуг і росту даходаў насельніцтва. Прадугледжваецца рост рэальных грашовых даходаў насельніцтва на 4,8%. Для Нацыянальнага банка і ўрада ставіцца задача абмежаваць інфляцыю на ўзроўні да 7%.
Беларуская чыгунка гатова прымаць на працу мігрантаў
Кіраўніцтва Беларускай чыгункі разглядае магчымасць прыцягнення мігрантаў для працы на прадпрыемстве. Такое даручэнне яшчэ ў жніўні накіравалі дзяржаўным органам Беларусі, паведамляе “Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі”. Але дзяржаўныя органы ў сваім адказе пазначылі, што прыцягненне працоўных мігрантаў можа выклікаць напружанасць у працоўных калектывах і спрыяць іх распаду. Акрамя таго, прыцягненне працоўных мігрантаў запатрабуе дадатковых выдаткаў — на пералёт, пражыванне, медыцынскае абслугоўванне і страхаванне.
Пры гэтым кіраўніцтва дапускае магчымасць выкарыстання працы мігрантаў, аднак лічыць, што да адказных пасад іх дапускаць нельга.
Эканаміст Львоўскі глядзіць у будучыню свету з аптымізмам
Эканаміст Леў Львоўскі расказаў, чаму ён з аптымізмам глядзіць на будучыню свету. Ён прапануе паглядзець на сусветны графік ВУП на душу насельніцтва з 1800 года і на графік колькасці людзей на Зямлі.
«У нас ніколі на Зямлі не жыло так шмат людзей адначасова. Пры гэтым у нас не было так мала жабракоў. Людзі не жылі так багата. Людзі не жылі так доўга», — адзначае Львоўскі ў ютуб-праграме «Гадзіннічак цікае». Эканаміст кажа, што расказы пра тое, што толькі мільярд людзей можа жыць на Зямлі добра, непраўдзівыя. «У нас людзі жывуць лепш. У нас смяротнасць ад усіх хвароб змяншаецца». «Мы жывём толькі лепш, толькі багацей. Гэта дае шмат аптымізму».
Самы лепшы рэстаран Польшчы знаходзіцца ва Уроцлаве
Рэстаран «Martim» ва Уроцлаве быў названы найлепшым у Польшчы. Ён абыграў рэстаран з дзвюма зоркамі Мішлен, паведамляе Gazeta Wyborcza.
Сусветная кулінарная прэмія World Culinary Awards, якая ўручаецца з 2020 года, лічыцца адной з найважнейшых падзей у кулінарнай індустрыі. Яна ахоплівае большасць краін свету, а сярод намінантаў у кожнай катэгорыі пераважна вядомыя, часта адзначаныя зоркамі Мішлен, рэстараны і сусветныя кулінарныя брэнды. Працэс адбору заснаваны на галасаванні экспертаў галіны і грамадскасці. Грамадскасць аддае свае галасы ў міжнародным анлайн-апытанні.
«Martim» — працуе шэсць гадоў, яго меню якога стварае натхнёны партугальскай кухняй шэф-повар Эвандра Гізар, з акцэнтам на рыбу, морапрадукты і высакаякаснае мяса.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае: lepel.vitebsk-region.gov.by.






