BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Закрыццё мяжы з Беларуссю ўдарыць па грузаперавозчыках

Рашэнне ўрада Польшчы закрыць мяжу з Беларуссю можа мець наступствы для польскай эканомікі і транспартнай галіны. «Мы спадзяемся, што гэта будзе кароткачасовым», – сказаў Ян Бучак, прэзідэнт Асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў. Ён дадаў, што ў некаторых кампаніях сітуацыя можа прывесці да закрыцця.

Паводле слоў Бучака, закрыццё мяжы азначае спыненне патоку тавараў паміж Еўрапейскім звязам і Садружнасцю Незалежных Дзяржаў (СНД), у тым ліку Казахстанам, Узбекістанам, Манголіяй, Арменіяй і Грузіяй. Ён мяркуе, што гэта прывядзе да збояў у працы перавозчыкаў і ўладальнікаў бізнесу. А  перапынкі ў транспартных паслугах прыводзяць да страты даходаў, у той час як эксплуатацыйныя выдаткі застаюцца нязменнымі.

Нацбанк заахвочвае купляць беларускія тавары

У Беларусі да канца наступнай пяцігодкі плануецца істотна павялічыць крэдытаванне на набыццё айчынных тавараў. Пра гэта на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі расказаў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Раман Галоўчанка.

Па словах Галоўчанкі, цяпер усе банкі маюць ільготныя партнёрскія праграмы па крэдытаванні айчынных тавараў. Аб’ём выдачы такіх крэдытаў у студзені – ліпені склаў 665 млн рублёў. Гэта на 15% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. У Нацбанку раней зазначалі, што тэмпы росту спажывецкага крэдытавання ў Беларусі зніжаюцца. Пры гэтым кожны восьмы крэдыт на набыццё тавараў працяглага карыстання ідзе менавіта на беларускую прадукцыю.

Беларуская чыгунка прадае вагоны

Беларуская чыгунка выстаўляе на аўкцыён шэсць пасажырскіх вагонаў міжнароднага стандарту RIC. Гэтыя вагоны раней абслугоўвалі маршруты ў Польшчу, Нідэрланды і Швейцарыю, але цяпер сталі непатрэбныя, піша Blizko.by. Усе шэсць вагонаў, якія належаць Беларускай чыгунцы, былі пабудаваныя ў Польшчы на заводзе H.Cegielski у Познані, а тэхнічнае абслугоўванне таксама праводзілася там. Першыя два такія вагоны мадэлі Z1-305Ad2 трапілі на баланс БЧ яшчэ ў 2008 годзе.

Самая нізкая стартавая цана аднаго вагона — 1,404 мільёна рублёў, самая высокая — 2,94 мільёна рублёў. Аўкцыён прызначаны на 3 кастрычніка.

Кітаю няма куды прадаваць сваю лішнюю вытворчасць

Мытныя пошліны, уведзеныя ЗША супраць Кітая, ужо ўплываюць на кітайскую эканоміку. З аднаго боку ў жніўні адзначалася падзенне цэн, карыснае для спажыўцоў, але з іншага – яно не прагназуе нічога добрага для  патэнцыялу эканомікі. Вытворцы таксама заўважылі значнае зніжэнне цэн.

Спажывецкія цэны ў Кітаі ў жніўні ўпалі на 0,4 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Акрамя таго, значна знізіліся цэны вытворцаў. У жніўні яны былі на 2,9 працэнта ніжэйшымі ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, што азначае, што вытворцы з цяжкасцю прадаюць сваю прадукцыю і вымушаны зніжаць цэны, каб знайсці пакупнікоў. Гэта відавочна з’яўляецца вынікам тарыфаў, уведзеных адміністрацыяй Дональда Трампа на кітайскую прадукцыю.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц.