BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Залаты запас» Беларусі дасягнуў амаль 11 мільярдаў даляраў

Золатавалютныя рэзервы Беларусі ўсталявалі новы рэкорд. Як сведчаць звесткі Нацыянальнага банку, на 1 траўня яны склалі 10,94 млрд даляраў у эквіваленце.

За красавік беларускія ЗВР выраслі адразу на 872,8 млн даляраў, або на 8,7%. Асноўным фактарам росту сталася павелічэнне актываў у замежнай валюце. На фоне росту сусветных цэн на золата, кошт манетарнага золата, уключанага ў залаты запас Беларусі, за красавік павялічыўся на 6,1% да 5,72 млрд. даляраў.

Беларусы абураюцца цэнамі на вышыванкі ў барысаўскім універмагу

«Вы проста абавязаныя гэта бачыць», — расказаў блогер з Барысава сваім падпісчыкам. Гаворка пра вышыванкі, якія прадаюцца ў барысаўскім універмагу, піша Ex-press.live. Цэны на вышыванкі — ад 170 рублёў, але дзейнічае зніжка ў 20%. «За 140 можна купіць», — гаворыць блогер. У каментарах да ягонага паста захопленых водгукаў няма. Наадварот, беларусы абураныя цэнамі:

«Не, ну вы рэальна лічыце, што мне, каб хадзіць на працу, патрэбна вышыванка за такія грошы?» — піша жанчына.

«За такія грошы хай самі носяць», — каментуе яшчэ адзін.

Раней дзяўчына-блогерка з Барысава, вядомая сваімі праўладнымі публікацыямі, прызналася, што не можа дазволіць сабе насіць адзенне і сумкі беларускай вытворчасці, бо атрымлівае невялікі заробак, піша «Наша Ніва».

Беларускія кампаніі актывізавалі рэгістрацыю таварных знакаў на расейскім рынку

Кампаніі з Кітая і Беларусі часцей за іншых рэгіструюць гандлёвыя маркі на рынку РФ, вынікае з сумеснага даследавання банка ВТБ і расейскай платформы “Анлайн Патэнт”. Як адзначаецца, у 2024 годзе агульная колькасць заявак на рэгістрацыю замежных таварных знакаў “перавысіла дасанкцыйны ўзровень” на 18%.

Канкрэтныя даныя аб рэгістрацыі беларускімі кампаніямі таварных знакаў у РФ у даследаванні не прадстаўленыя. Адзначана толькі, што бізнес з Беларусі “падаў у два разы больш заявак”. Удакладняецца, што лідарамі сталі беларускія кампаніі ў сферы аптовага і рознічнага гандлю, кандытарскіх вырабаў і бакалеі, касметыкі і малочнай прадукцыі, піша «Позірк».

Цана на нафту падскочыла на фоне канфлікту Індыі і Пакістана

На фоне канфлікту Пакістана і Індыі кошт ліпеньскіх ф’ючэрсаў на нафту маркі Brent на лонданскай біржы ICE вырас на 1,66%. Упершыню з 30 красавіка яна гандлюецца вышэй за $ 63 за барэль, піша РБК.

Нягледзячы на трэнд росту, эксперты не раяць актыўна купляць нафту і акцыі расейскіх нафтавых кампаній. Прычына – фундаментальная слабасць рынку.

Таксама рост кошту нафты звязваюць з дамоўленасцю ЗША і Кітая распачаць гандлёвыя перамовы. Гэта можа аслабіць напружанасць на фоне гандлёвай вайны паміж двума найбуйнейшымі эканомікамі свету, піша Office Life.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ілюстрацыйнае: mogilevnews.by