За снежань золатавалютныя рэзервы Беларусі скараціліся на 128 мільёнаў 200 тысяч даляраў. Па стане на першага студзеня міжнародныя рэзервовыя актывы склалі 8 мільярдаў 127 мільёнаў даляраў. Пра гэта паведаміла прэс-служба Нацыянальнага банка.

Але, калі параўнаць з першым студзеня мінулага года, то залаты запас краіны за год вырас амаль на 198 мільёнаў даляраў.
Беларусь і Нігерыя зноў загаварылі пра супрацоўніцтва
Перспектыўныя кірункі ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў галіне сельскай гаспадаркі, прамысловасці і адукацыі абмеркавалі пасол Беларусі Вячаслаў Брыль і міністр замежных спраў Нігерыі Юсуф Майтама Тугар.
Як адзначае “Позірк”, спектр галін, у якіх Беларусь жадае наладзіць супрацоўніцтва з Нігерыяй, мяркуючы па інфармацыі МЗС, з часам не мяняецца. У лістападзе 2018 года згаданы Брыль, уручаючы даверчыя граматы папярэдняму нігерыйскаму прэзідэнту Махамаду Бухары, казаў пра тое самае, што і цяпер, — пра “перспектывы для нарошчвання ўзаемадзеяння ў галіне машынабудавання, сельскай гаспадаркі, адукацыі”. З таго ж часу тавараабарот паміж краінамі стабільна падаў. Калі ў 2018 годзе ўзаемны гандаль склаў каля 39 мільёнаў даляраў, то ў 2019 было менш за 12 мільёнаў, а ў 2021 узаемны гандаль не дасягнуў нават і васьмі мільёнаў даляраў. Дадзеных за наступныя гады ў адкрытым доступе адсутнічаюць.
У Берасці і Ваўкавыску можна купіць АЗС са скідкай у 90%
Апошнім часам запраўкі ў Беларусі прадаюцца не вельмі добра, асабліва ў рэгіёнах. Аўтазаправачныя станцыі ў Берасці і Ваўкавыску выстаўлялі на таргі ўжо некалькі разоў. І цяпер іх кошт зніжаны да мінімальных значэнняў, заўважыў Office Life.
Абедзве запраўкі па дакументах належаць кампаніі “ДжыОйл”, якая знаходзіцца ў працэдуры банкруцтва. У Ваўкавыску запраўку прадаюць за 366 тысяч рублёў, хоць пачатковы кошт складаў 1 мільён 800 тысяч. У Берасці запраўку па вуліцы Кацін Бор прадаюць за 924 тысячы рублёў пры пачатковым кошце, які перавышаў 9 мільёнаў 200 тысяч. Таргі пройдуць 16 студзеня.
Інфляцыя ў Польшчы пайшла на спад
У снежні інфляцыя склала 6,1 працэнта год да года. Такія звесткі агучыла Галоўнае статыстычнае ўпраўленне краіны. Месяцам раней інфляцыя складала 6,6 працэнта ў гадавым вымярэнні.
Снежаньская інфляцыя – гэта таксама самы нізкі вынік, пачынаючы ад верасня 2021 года, то бок за апошнія больш як два гады. Інфляцыйны паказчык таксама здзівіў эканамістаў, якія прагназавалі яго на ўзроўні каля 6,4-6,5 працэнтаў.
Беларускае Радыё Рацыя






