BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Замежныя інвестыцыі ў Расею ўпалі да мінімуму за 15 гадоў

Аб’ём замежных інвестыцый у РФ працягвае імкліва скарачацца і па стане на кастрычнік 2024 апусціўся да мінімуму за апошнія 15 гадоў. Аб гэтым сведчаць дадзеныя ЦБ РФ.

Па дадзеных рэгулятара, за першыя тры кварталы мінулага года замежныя інвестары забралі з рэальнага сектара эканомікі яшчэ $44 млрд прамых інвестыцый, а іх агульны аб’ём знізіўся да $235 млрд.

У 2023 годзе Расея страціла $80 млрд прамых замежных інвестыцый (ПЗІ), у першы год вайны – $138 млрд.

За тры гады агульны аб’ём прамых замежных інвестыцый у эканоміку, які перад вайной складаў амаль $500 млрд, зменшыўся ўдвая – на $262 млрд.

Хоць Пуцін заяўляў аб “максімальнай адкрытасці” для інвестараў з краін БРІКС і заклікаў іх укладваць у Расею капіталы, прытоку грошай статыстыка Цэнтрабанка РФ не зафіксавала.

Напрыклад, улады Кітая – найбуйнейшага гандлёвага партнёра Расеі, адносіны з якім Пуцін называе “стратэгічнымі”, забаранілі мясцовым кампаніям укладваць грошы ў нафтагазавы сектар Расеі, адмовіліся інвеставаць у праект “Сіла Сібіры-2” і далі ўказанне аўтаканцэрнам не будаваць у РФ заводы.