У сакавіку аб’ём крэдытнай запазычанасці перад банкамі фізічных асоб склаў 21 мільярд 400 мільёнаў рублёў.

Гэта чарговы гістарычны максімум. Агульная запазычанасць на 1 красавіка апынулася на 23% большай, чым у аналагічны момант мінулага года. Цяпер у сярэднім на кожнага жыхара краіны прыпадае прыкладна 2 тысячы 300 рублёў крэдытаў. Запазычанасць насельніцтва перад банкамі – гэта галоўным чынам крэдыты на спажывецкія патрэбы і на фінансаванне нерухомасці.
Спажывецкае крэдытаванне складае 34% ад узятых беларусамі крэдытаў, і 66% прыпадае на крэдытаванне будаўніцтва і пакупкі жылля.
У карысць нарошчвання крэдытавання для насельніцтва гуляюць нізкія працэнтныя стаўкі, ільготныя праграмы пры набыцці беларускай прадукцыі і высокія па мясцовых мерках заробкі. Сваю лепту ўносіць і псіхалогія спажывання. Рост крэдытных апетытаў часта сведчыць аб жаданні атрымаць неабходную тэхніку або абсталяванне ўжо зараз, паколькі бліжэйшыя перспектывы эканомікі выглядаюць туманнымі.
Беларускае Радыё Рацыя