BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Заробкаў няма, дырэктар публічна прабачаецца, Лукашэнка маўчыць

Пачынаем з работнікаў менскага прадпрыемства, якія пяць месяцаў сядзяць без заробкаў. Але разлічваюць на тое, што Лукашэнка іх выратуе, бо можа ён проста не ведае, што адбываецца. Гаворка ідзе пра рыбакансервавы камбінат “Сталічны”, каля двух дзясяткаў супрацоўнікаў якога напісалі зварот да Аляксандра Лукашэнкі, у якім сцвярджаюць, што пачынаючы з кастрычніка мінулага года ім не даплачвалі заробкі, а калі нехта хацеў звольніцца, то пагражалі, што заробленых грошай не атрымае. Вось што кажа на відэа адна з супрацоўніц:

– Мы не зарабляем, у нас няма куска хлеба. Мы скардзіліся ў пракуратуру. Мы вам пісалі непасрэдна ліст. Ужо паўторныя пайшлі лісты. Але пытанне не вырашаецца. Дэпартамент па працы бяздзейнічае. Раскажыце, куды нам скардзіцца далей?

– Плаціць за кватэру няма чым. Жыць няма на што. У магазін я не магу пайсці, таму што няма за што купіць элементарна кусок хлеба, – дрыжачым голасам кажа іншая супрацоўніца.

На гэтае відэа хутка адрэагаваў кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Менска Генадзь Любатынскі. Ён кажа, што камбінат – гэта прыватнае прадпрыемства, але, маўляў, мы робім, што можам, каб найхутчэй людзі атрымалі свае заробкі. Рэакцыі самога Лукашэнкі пакуль не было, затое кіраўніка камбіната прымусілі публічна прабачацца.

А што з заробкам самога Лукашэнкі?

На гэтым тыдні сайт Visual Capitalist падрыхтаваў інфаграфіку, у якой параўнаў маёнткі дзесяці самых багатых манархаў сучаснага свету. У сваю чаргу сайт “Люстэрка” вырашыў параўнаць гэтыя маёнткі з багаццем Лукашэнкі. Тут, што праўда, ёсць адна праблема, дакладны памер гэтага багацця невядомы. Але ёсць яго старая ацэнка амерыканскага пасла ў Беларусі Джорджа Крола, які ў чэрвені 2006 года адправіў у Вашынгтон дэпешу са спісам 50-ці самых багатых людзей Беларусі. Лукашэнка быў першым у спісе з маёнткам у дзевяць мільярдаў даляраў. Што праўда, Лукашэнка тады пракаментаваў гэта так: знойдзеце гэтыя грошы, адзін працэнт пакіньце мне, астатнія можаце забіраць.

Аднак, ёсць верагоднасць, што Джордж Крол не памыліўся, і калі за 18 гадоў маёнтак Лукашэнкі не зменшыўся, то на сёння з усіх манархаў свету багацейшыя за яго толькі кароль Тайланда, султан Брунея, кароль Саўдаўскай Аравіі ды эміры Абу-Дабі і Дубая. А Лукашэнка багацейшы за каралёў Марока, Вялікабрытаніі і Іспаніі, эміра Катара, вялікага герцага Люксембурга і князёў Манака і Ліхтэнштэйна.

Наш адказ Чэмберлену

Без развіцця навукі “немагчыма дасягнуць поспехаў у эканоміцы”, бадзёра заявілі ў Міністэрстве эканомікі Беларусі, і запатрабавалі ад навукоўцаў канкрэтных вынікаў.  “Менавіта ад навукоўцаў сёння чакаюць прарыўных ідэй і перспектыўных распрацовак, рэалізацыя якіх будзе садзейнічаць стварэнню новых вытворчасцей і галін, падвышэнню канкурэнтаздольнасці нашай эканомікі”, — заявілі ў ведамстве. Маўляў, трэба развіваць тэхналогіі і ствараць айчынныя аналагі імпартных тавараў або і зусім новыя прадукты. Не ведаем, што на гэта адкажуць навукоўцы, але апошнім часам яны спрабуюць таксама рабіць гучныя заявы, каб не думалі, што нічым не займаюцца. Так, паабяцалі вакцыну ад раку, уласныя легкавыя аўтамабілі і нават замахнуліся на самалёты.

Польскія фермеры дзявятага лютага распачалі генеральны страйк 

“Калі не будзе нас, фермераў, то не будзе прадуктаў харчавання” – заяўляюць пратэстоўцы. Пры гэтым агульнаеўрапейскія пратэсты фермераў пачаліся яшчэ ў мінулым годзе. Агульна можна сказаць, што пратэст датычыць палітыкі Бруселя. “Наша цярпенне скончылася. Пазіцыя Бруселя агучаная ў апошні дзень студзеня 2024 года непрымальная для ўсёй нашай аграрнай супольнасці. Акрамя таго, пасіўнасць польскіх уладаў і заявы аб супрацоўніцтве з Еўрапейскай камісіяй і заявы аб выкананні ўсіх рашэнняў Еўракамісіі адносна імпарту сельскагаспадарчай і харчовай прадукцыі з Украіны не пакідаюць нам іншага выбару, акрамя як абвясціць усеагульны страйк”, – заявілі польскія фермеры і заблакавалі ў пятніцу шматлікія дарогі па ўсёй краіне.

Пры гэтым шостага лютага прайшла сустрэча ўрада з прадстаўнікамі фермерскіх арганізацый і прафсаюзаў, на якой урад пагадзіўся, што праца ў сельскай гаспадарцы робіцца нерэнтабельнай, а прадукцыя мае вялікі сабекошт. Адзначалася, што фермеры пратэстуюць, бо сітуацыя вельмі складаная. У іх няма сродкаў на закупку ўгнаенняў, яны не могуць прадаць збожжа, цэны на якое вельмі нізкія. Аднак, не зважаючы на такую згоду, пытанне не вырашаецца толькі ў Варшаве.

Дадам, што ў межах пратэсту супраць сельскагаспадарчай палітыкі Еўразвязу на 4 чэрвеня запланаваны агульнаеўрапейскі пратэст фермераў, які мае адбыцца напярэдадні выбараў у Еўрапейскі парламент.

За падзеямі эканомікі ў Беларусі і свеце за тыдзень сачыла Яна Запольская.

Фота: news.zerkalo.io (работнікі камбіната “Сталічны”, скрыншот відэа).