Планы Еўразвязу адносна ініцыятывы “Зялёны курс”, якая выклікала на бягучым тыдні вялікія пратэсты фермераў у той жа Польшчы, пашыраюцца. Як стала вядома, Еўрапейская камісія робіць яшчэ адзін крок да нулявых выкідаў.

Дасягненне прынятых стандартаў будзе складаным для кампаній, а таксама можа паўплываць на кашалькі хатніх гаспадарак. Так, важным элементам скарачэння выкідаў у Еўразвязе стане электрыфікацыя канчатковых спажыўцоў. Для хатніх гаспадарак гэта будзе азначаць неабходнасць перайсці ад крыніц цяпла, якія выкарыстоўваюць выкапнёвае паліва, да цеплавых помпаў або электрычных катлоў.
Еўракамісія ставіць усё больш амбіцыйныя планы для краін ЕЗ. Да 2030 года яна хоча скараціць выкіды на 55% у параўнанні з 1990 годам. Чакаецца, што ў 2040 годзе выкіды знізяцца на 90%, каб, нарэшце, у 2050 годзе можна было казаць пра нулявыя выкіды.
Як у Беларусі зарабляюць на брэндавым адзенні нібыта з сэканд-хэнду
Бізнес у Беларусі на сёння – справа рызыкоўная. І каб зарабляць, трэба не толькі ўмець “круціцца” паміж рознымі ўказамі і пастановамі, але часам і праяўляюць крэатыўнасць. Так на гэтым тыдні Дзяржаўны кантроль распавёў, як пад выглядам сэканд-хэнда ў краіну ўвозяць брэндавыя тавары. Агулам гэтая схема не новая, у тым ліку і для Беларусі, але відавочна, што на фоне заходніх санкцый і знікнення шэрагу брэндаў з беларускіх крам, яна становіцца даволі пашыранай. І вось падчас праверкі некалькіх дзясяткаў крам сэканд-хэнду і ланцужкоў пастаўкі такіх тавараў Камітэт дзяржкантролю выявіў больш за 10 тысяч новых рэчаў, якія ўвозіліся ў краіну пад выглядам ужываных. Кошт увезеных з парушэннем заканадаўства тавараў ацанілі на 680 тысяч рублёў або 212 тысяч даляраў у эквіваленце.
Схема працуе наступным чынам: новае брэндавае адзенне купляецца на стоках вядомых сусветных гандлёвых марак, з дапамогай замежных кампаній увозіцца ў Беларусь як ужыванае і адпаведна з аплатай нізкай мытнай пошліны, у Беларусі пераўпакоўваецца і прадаецца як новае. Цана пры гэтым можа быць на 200% вышэйшая за закупачную. У КДК заяўляюць, што адсачылі як мінімум два каналы ўвозу такой прадукцыі – з Еўропы і Расеі.
Кошт аднаўлення Сектара Газа ацанілі на 90 мільярдаў даляраў
Вайна – гэта смерці і разбурэнні, але таксама і высокія кошты. На аднаўленне інфраструктуры Сектара Газа, які пацярпеў падчас узброенага канфлікту Ізраіля ды ісламскага руху ХАМАС, спатрэбіцца не менш як $90 млрд. Такую лічбу агучыў прэзідэнт Егіпта Абдэль Фаттах Ас-Сісі ў эфіры тэлеканала “Аль-Кахіра аль-Іхбарыя”.
У студзеньскім дакладзе ААН “Эканамічная сітуацыя ў свеце і прагнозы на 2024 год” паведамлялася, што на 22 лістапада летась у Газе было разбурана каля 60% жыллёвага фонду, а 1,5 млн чалавек вымушана пакінулі свае дамы. На думку міжнародных экспертаў, у залежнасці ад працягласці баявых дзеянняў на тэрыторыі анклава колькасць насельніцтва, якое знаходзіцца за рысай беднасці, можа скласці 20-45%. Неўзабаве пасля пачатку канфлікту аналітыкі JPMorgan заявілі, што ён толькі да канца 2023-га абыдзецца эканоміцы Ізраіля ў больш за 11% ВУП, піша Office Life.
Кепскія навіны для аматараў камамбэра і бры
Уся справа ў цвілі, якой становіцца ўсё менш. Навукоўцы Універсітэта Тафтса (Масачусетс, ЗША) паведамілі аб значным скарачэнні колькасці штамаў плесневых грыбоў, неабходных для вытворчасці такіх папулярных гатункаў сыру, як камамбэр і бры. Для вытворчасці гэтых сыроў ужываецца адзін штам цвілі – Penicillium camemberti, які надае сырам белую скарыначку і своеасаблівы смак. Але гэты штам уразлівы для патагенаў і змен навакольнага асяроддзя, таму яго становіцца ўсё цяжэй атрымліваць.
Спробы эксперыментаваць з аналагамі паказалі, што яны мяняюць звыклы смак камамбэра і бры. У выніку для многіх спажыўцоў гэтыя сыры могуць стаць неапетытнымі, што прывядзе да зніжэння іх вытворчасці і продажу.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота з адкрытых крыніц.






