Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, які зацвярджае Дзяржаўны знак якасці, напісалі ў тэлеграм-канале “Пул Первого”. Знак мае выгляд пяцікутніка чырвонага колеру. Унутры яго размешчаны надпіс “Беларусь” і адлюстраванне перавернутай літары “К”. Пяцікутнік мае сімвалізаваць пяць якасных паказнікаў вытворчасці: бяспеку, экалагічнасць, інавацыйнасць, тэхналагічнасць і эстэтычнасць.

Як будуць прызначаць знак якасці, якія льготы будуць мець яго ўладальнікі, мае вызначыць урад. Варта прыгадаць, што 2024 аб’яўлены ў Беларусі Годам якасці. Найлепшыя вытворцы, якія прадэманструюць унікальны тавар, атрымаюць Дзяржаўны знак якасці.
Нацбанк распавёў, што далей са стаўкамі па крэдытах
У Нацыянальным банку распавялі, якія маюць планы адносна ставак па крэдытах і дэпазітах. Падкрэсліваецца, што не будзе больш жорсткай палітыкі, тым не менш, бягучы ўзровень ставак змяншацца не будзе. А ці будзе ён павышацца? Гэта, паводле прадстаўніка Нацбанка Андрэя Кацегава, залежыць ад мноства фактараў, але такой “мяккай” фінансавай палітыкі, як у апошнія два гады, ужо не будзе. Паводле фінансіста, эканоміка змагла адаптавацца да розных выклікаў, у тым ліку санкцыйных.
Цяпер стаўка рэфінансавання складае 9,5%. Як вядома, да стаўкі рэфінансавання прывязаныя выплаты працэнтаў па некаторых крэдытах, а цяпер у насельніцтва назіраецца крэдытны бум. Дарэчы, летась стаўка рэфінансавання зніжалася шэсць разоў.
У Латвіі прапануюць чарговыя эканамічныя санкцыі супраць Беларусі і Расеі
Сейм Літвы перадаў два законапраекты на разгляд у парламенцкую камісію па бюджэце і фінансах. Фактычна яны прадугледжваюць разрыў апошніх эканамічных сувязяў з Беларуссю і Расеяй, піша Delfi.
У прыватнасці, прапануецца забараніць удзел у конкурсах, якія ладзяць дзяржаўныя ці муніцыпальныя ўстановы, для прадпрыемстваў, якія імпартуюць або экспартуюць прадукцыю з Расеі і Беларусі. Другі законапраект прадугледжвае забарону на пастаўку (у тым ліку транзіт) сельскагаспадарчай прадукцыі з Расеі і Беларусі — у тым ліку перапрацаванай. Такім чынам прапануецца спыніць абарачэнне расейскага збожжа ды іншых прадуктаў, каб Латвія не выступала пасярэднікам у пастаўцы гэтай прадукцыі на рынак ЕС.
У Беларусі хочуць спрасціць працэдуры мытнага афармлення
Старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзімір Арлоўскі падчас нарады ў Лукашэнкі паведаміў пра намер спрасціць працэдуры мытнага афармлення як для арганізацый, так і для грамадзян, піша БелТА.
Калі праекты змен рэалізуюцца, кампаніям не трэба будзе падаваць для мытнага афармлення шэраг дакументаў, паколькі неабходную інфармацыю перададуць іншыя дзяржаўныя органы і банкі. Да таго ж некаторыя дакументы можна будзе падаваць толькі ў электронным выглядзе. Таксама плануецца, што фізічныя асобы змогуць падаваць не папяровую дэкларацыю, а электронную, прытым зрабіць гэта можна будзе да ўезду на мяжу. Уладзімір Арлоўскі ўдакладніў, што такая дэкларацыя павінна быць бясплатнай.
Беларускае Радыё Рацыя






