Госць Рацыі — Зміцер Завадскі, заснавальнік першага маркетплейсу беларускіх тавараў «Камароўка». Гутарым з ім пра бізнес, а таксама патрыятычны складнік яго праекту.

РР: Як вашыя справы, як справы ў вашай «Камароўкі»? Мы з вамі размаўлялі год таму. Як гэты год для вашай платформы прайшоў?
Зміцер Завадскі: Прайшоў вельмі добра. З аднаго боку гэта быў такі перыяд актыўнага тэставання. Таму што мы пачалі працу, і ясная справа, што некаторыя рэчы прыходзілася падпраўляць, выяўляць, паляпшаць увесь час. З іншага боку, актыўна дадаваліся тавары, спачатку павольна, таму што новая платформа, даверу было менш, то апошнія месяцы ўжо актыўна, кожны дзень, дадаюцца новыя тавары, таму і выбар значна больш шырокі, чым год таму, калі мы стартавалі. Цяпер у нас, здаецца, 26 прадаўцоў. Асартымент кожны дзень у нас расце.
РР: Распавядзіце, якія гэта катэгорыі тавараў, бо я бачыла, што там асартымент вельмі шырокі.
Зміцер Завадскі: У нас найбольшая катэгорыя, канешне, атрымалася кнігі. Я ўжо жартую, што мы як «Амазон» пачынаем, таму што яны пачыналі з кніг. У нас такой мэты не было, але гэта самая шырокая катэгорыя тавараў насёння. Як прадаўцы актыўна дадаюць кнігі, так і пакупнікі актыўна карыстаюцца гэтым раздзелам. У нас ўжо больш за 600 кніг на сённяшні дзень. Гэтая катэгорыя самая актыўная.
Трагічная навіна прыйшла пра тое, што памёр выдавец Раман Цымбераў. У нас яго 54 кнігі. Вельмі смутная падзея, таму што вялікая колькасць літаратуры, асабліва якая ствараецца ў Беларусі, пацярпела.
Такім чынам кнігі – самая актыўная катэгорыя тавараў, самая шырокая на сённяшні дзень. Я думаю, яшчэ можа быць пару месяцаў, і ўсе беларускія кнігі, якія ў замежжы тут ёсць, усе яны будуць на платформе, і далей ужо акцент і развіццё зрушыцца крыху ў іншыя катэгорыі. Я бачу вялікі патэнцыял у катэгорыі «адзенне». Там пакуль што 100 тавараў. Але крамаў вельмі шмат, вельмі шмат людзей, якія вырабляюць нейкія рэчы сваімі рукамі, аксэсуары, напрыклад. І гэтая катэгорыя на другім месцы, і па папулярнасці, і па перспектыве.
РР: Вы згадалі, што кожны дзень дадаюцца новыя прадаўцы, я так разумею, што зараз ужо ёсць магчымасць такой аўтаматызацыі, то бок кожны прадавец можа гэта зрабіць самастойна.
Зміцер Завадскі: А ў нас гэта было ад пачатку. У нас кожны прадавец можа далучацца самастойна. Мы заўважылі, што паўстаюць розныя пытанні падчас працэсу рэгістрацыі. Таму што прадавец павінен і падключыць плацёжную сістэму, каб атрымліваць грошы, і наладзіць дастаўку. Таму мы зрабілі такі дапаможнік для прадаўцоў, каб ім лягчэй было зрабіць гэтыя крокі. І ўвесь час яго ўдасканальваем. І самі іх кансультуем, у выпадку нейкіх пытанняў мы заўсёды на сувязі. А так прадавец, канешне, усе этапы можа прайсці сам, размяшчае сам свае тавары, сам іх прадае праз платформу.
Цалкам размова:
Зміцер зазначае: зараз «Камароўка» — гэта самая буйная пляцоўка, дзе можна купіць беларускія тавары за межамі Беларусі. Ассартымент тавараў паступова пашыраецца, а дастаўка магчымая па ўсім свеце.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота з архіву Зміцера Завадскага.






