Госць Радыё Рацыя — cтваральнік першага беларускага маркетплейсу «Камароўка» Зміцер Завадскі. Гутарым з ім пра старт унікальнага праекту і перавагі для прадаўцоў і пакупнікоў.

РР: Распавядзіце нам пра вашую ініцыятыву – ваш праект маркетплейс «Камароўка». Што гэта такое?
Зміцер Завадскі: Некалькі гадоў таму я вырашыў зрабіць такую справу – даць магчымасць беларускім гандлярам, раскіданым цяпер па ўсім свеце, прадаваць свае рэчы, якія яны вырабляюць і якімі яны гандлююць, ці якія-небудзь рэчы, звязаныя з Беларуссю. І адпаведна пакупнікам, усім нам, вымушаным жыць у замежжы, магчымасць набываць тавары, звязаныя з Беларуссю, беларускія тавары, кнігі і г.д. У гэтым быў асноўны сэнс праекту, якім я займаўся гэтыя тры гады. І вось, дзякуй Богу, запускаемся.
РР: Колькі часу прайшло на тое, каб нарэшце запусціць?
Зміцер Завадскі: У мяне пайшло каля трох гадоў. Канешне, усё гэта можна было зрабіць нашмат хутчэй, каб была больш стабільная каманда, ці грошы. Тым не менш добра, што і так атрымалася.
РР: Гэта ўласна ваша праца? Ці ёсць нейкая невялічкая каманда аднадумцаў?
Зміцер Завадскі: Спачатку далучаліся валанцёры. Асабліва на этапе актыўных перакладаў на беларускую і з беларускай. Былі дызайнеры, пару чалавек. Праграмісты. Менэджэр. Карацей, часам людзі далучаліся, дапамагалі, але, самі разумееце, што часу пайшло шмат на праект і ўжо пачынаючы з лета я ўжо адзін дапрацоўваў і заканчваў.
РР: Ці можна сказаць, што маркетплейс ужо запушчаны і ўжо можна карыстацца?
Зміцер Завадскі: Так, функцыянальна, тэхнічна. Зараз мы ўжо пачынаем займацца напаўненнем, то бок дадаём тавары, дадаюцца прадаўцы. На гэтым тыдні я бачу, што далучылася выдавецтва «Камунікат», крама «Вырай», якая ў Беларусі была як «Модны кут», крама «Жнівень»… Карацей, крамы пачалі дадавацца. Але пэўны час зойме на тое, каб яны наладзілі свой фунцыянал і дадалі тавары. Так што бліжэйшыя два месяцы маркетплейс працуе, стартавая колкасць тавараў ужо ёсць, каля сарака, але разумееце, што для маркетплейса гэта вельмі мала, таму тэхнічна ўсё працуе, але трэба яшчэ развіццё, рэклама, яшчэ месяцы будзем гэтым займацца – далучаць новых прадаўцоў.

РР: Якія ў асноўным ёсць зараз катэгорыі тавараў? Так зразумела, што гэта кнігі і ўпрыгожванне рознага кшталту?
Зміцер Завадскі: Так. Яшчэ бачу там карціна таксама ёсць Валерыя Ляшкевіча, беларускага мастака. Але вось я кажу, што ў бліжэйшы час, я так бачу, будуць напаўняцца іншыя катэгорыі – і дзіцячых тавараў, і прадуктаў, і корму для жывёлаў.
РР: Як гэта ўвогуле працуе? Давайце можа распавядзем для нашых слухачоў. Прадавец размяшчае ў вас свой тавар і атрымлівае доступ да асабістага кабінету, дзе можа кіраваць працэсам?
Зміцер Завадскі: Так. Ён кіруе сам сваімі продажамі, кіруе сам сваімі цэнамі, дастаўкамі, то бок максімальны фунуцыянал і аўтаномію мы спрабуем забяспечыць. Таксама мы зрабілі магчымасць наладаў, то бок у прынцыпе і свае крамы і свае тавары можна прасоўваць праз гугл. Таксама мы далі магчымасць даваць рэкламу, то бок прадаўцы могуць за нейкія пакуль невялікія грошы прасоўваць свае тавары, каб яны вышэй паказваліся на платформе ў пошуку, ці на банэрах. І ўсё гэта аўтаматызаваны фунцыянал. То бок прадавец размяшчае свой тавар, ён публікуецца, пакупнік набывае гэты тавар, прадавец яго адпраўляе, атрымлівае грошы, маркетплейс атрымлівае невялікую камісію з гэтых продажаў.
Цалкам размова:
Зміцер Завадскі спадзяецца, што маркетплейс «Камароўка» зможа з часам сабраць шматлікіх беларускіх падпрымальнікаў на адной пляцоўцы.
Беларускае Радыё Рацыя