У Гарадзенскай вобласці зноў выставілі на аўкцыён былы палац Радзівілаў сярэдзіны XVIII стагоддзя. Двухпавярховы цагляны асабняк плошчай 1527 квадратных метраў выстаўлены на электронныя таргі на пляцоўцы «БУТБ-Маёмасць» па пачатковай цане ў дзве базавыя велічыні, паведамляе прэс-служба біржы.

Аўкцыён адбудзецца 11 сакавіка. У склад комплексу ўваходзіць двухпавярховы цагляны будынак з падвалам, а таксама чатыры халодныя прыбудовы. Палац быў пабудаваны больш за 270 гадоў таму. Яго ўзвядзенне пачаў Мікалай Фаўстын Радзівіл на месцы драўлянага замка, спаленага шведамі. У далейшым гісторыя сядзібы была звязаная з сям’ёй яго сына — Ульрыка Крыштафа Радзівіла, пісьменніка, паэта, гісторыка, дзяржаўнага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага і князя Свяшчэннай Рымскай імперыі.
Раней асабняк неаднаразова спрабавалі прадаць з аўкцыёну. У 2022 годзе яго набыў за тры базавыя велічыні прадпрымальнік з Расеі, не звязаны з Беларуссю, аднак пазней палац перадалі ў аператыўнае кіраванне Дзятлаўскаму райвыканкаму.
У траўні 2025 года аб’ект планавалі прадаць за 296 тысяч рублёў, але ўжо ў ліпені цану знізілі ўдвая — да 148 тысяч.
Згодна з умовамі продажу, новы ўласнік павінен пачаць выкарыстоўваць аб’ект цягам трох гадоў. У выпадку рэканструкцыі, будаўніцтва або зносу ўсе працы неабходна правесці ў тэрміны, вызначаныя праектна-каштарыснай дакументацыяй, але не пазней як праз пяць гадоў з моманту падпісання дамовы куплі-продажу.






