У тым ліку дзякуючы і росту цаны на золата. На 1 лістапада золатавалютныя рэзервы Беларусі выраслі да $8933,9 млн, паведамляе Нацбанк. За месяц яны выраслі на $75,6 млн. ЗВР Беларусі павялічваюцца чацвёрты месяц запар. Як і месяцам раней, прырост атрымаўся дзякуючы падаражанню золата.
У адпаведнасці з прагнозамі ўрада, аб’ём міжнародных рэзервовых актываў Беларусі на канец года павінен скласці не менш за $6 мільярдаў. Паводле зацверджаных прагнозных паказчыкаў для эканомікі на 2025 год, ЗВР мусяць складаць не менш за $7,1 млрд.
Інфляцыя сёлета складзе 5,5-6%, але можа паскорыцца ў 2025
Інфляцыя па выніках 2024 года складзе 5,5-6 працэнтаў, аднак у 2025 годзе можа паскорыцца да 6-8 працэнтаў. Пра гэта гаворыцца ў квартальнай аглядзе даследчага цэнтра BEROC. У ім канстатуецца перагрэў беларускай эканомікі, а таксама рост праінфляцыйнага ціску з боку Расеі, унутранага рынку працы. Пры гэтым павелічэнне цэн стрымліваецца мерамі рэгулявання, якія прымяняюцца ў Беларусі.
Базавы прагнозны сцэнар BEROC прадугледжвае павольнае “астыванне” перагрэтай эканомікі. Бюджэтная палітыка застанецца стымулюючай да канца электаральнай кампаніі. Рынак працы ў Беларусі застанецца праінфляцыйным фактарам. Дадаткова выдаткі будзе павялічваць адаптацыя да санкцый і лагістыкі, якая змянілася.
У BEROC таксама звяртаюць увагу на тое, што адносна невысокі ўраджай збожжа два гады запар можа стварыць рызыкі для росту цаны на прадукты харчавання.
Belgee паспяхова прадаецца ў Расеі
Беларуская марка Belgee стала шостай на рынку новых аўтамабіляў у Расеі ў кастрычніку. Паводле дадзеных «Автостата», у мінулым месяцы ў РФ прадалі 4346 машын Belgee. Продажы ў РФ стартавалі год таму. Па выніках дзесяці месяцаў продажы Belgee у РФ склалі 29,3 тыс. машын. Беларускі брэнд заняў 2,21 працэнта рынку. Ён з’яўляецца дзявятым па аб’ёме продажаў.
У цэлым расейскі рынак новых легкавых аўтамабіляў за дзесяць месяцаў вырас на 59,8%. Лідзіруючае становішча займае “Лада”.
Буйная міжнародная лагістычная кампанія сыходзіць з Беларусі
У ліквідацыю пайшла беларуская юрыдычная асоба нямецкай лагістычнай кампаніі Berling па рашэнні ўласніка.
У Беларусі кампанія з’явілася ў лістападзе 2017 года. Асноўная дзейнасць “Бертлінг Бел Лагістыкс” – дапаможная ў галіне перавозак. Кампанія займалася транспарціроўкай і экспедытарскімі паслугамі для ўсіх відаў транспарту, дастаўкай грузаў, марскімі перавозкамі і складскімі паслугамі.
Berling Group заснавана ў 1865 годзе ў Нямеччыне. Яе штаб-кватэра знаходзіцца ў Гамбургу. У кампаніі – 50 офісаў у розных краінах і 700 супрацоўнікаў па ўсім свеце.
Беларускае Радыё Рацыя.