Золатавалютныя рэзервы Беларусі працягваюць расці. Па стане на верасень яны дасягнулі 12,4 млрд даляраў, павялічыўшыся за жнівень на 471,4 млн даляраў, паведаміў Нацбанк.

З пачатку года рэзервы павялічыліся на 3,49 млрд даляраў. Дарэчы, у жніўні-верасні цэны на золата ў свеце пайшлі ўгору, перавысіўшы 3500 даляраў за адну тройскую ўнцыю.
Беларуская АЭС вырабіла 50 млрд кВт·г электраэнергіі
З моманту ўключэння ў аб’яднаную энергасістэму першага энергаблока (3 лістапада 2020 года) Беларуская атамная станцыя сумарна вырабіла 50 млрд кВт·г электраэнергіі. Гэта дазволіла замясціць 13,6 млрд м³ прыроднага газу, паведамляе Мінэнерга. Кожны з энергаблокаў вырабляе каля 28 млн кВт·г электраэнергіі за суткі. Доля атамнай генерацыі ў агульным аб’ёме вытворчасці электраэнергіі ў Беларусі складае 40 %.
Паводле Мінэнерга, краіна цалкам забяспечвае сябе ўласнай электраэнергіяй і адмовілася ад імпарту; масавая электрыфікацыя і пераход населеных пунктаў на электраацяпленне павышаюць камфорт пражывання мільёнаў людзей; у беларускіх гарадах расце колькасць электратранспарту.
Belgee увайшоў у пяцёрку самых прадаваных новых абрэндаў у Расеі
Аўтамабілі брэнду Belgee у жніўні занялі пятае месца па колькасці прададзеных машын на расейскім рынку, заўважыла выданне “Беларусы і рынок”. У параўнанні з леташнім жніўнем колькасць продажаў вырасла на 124%. У прыватнасці, за сёлетні жнівень было прадалі 7806 аўтамабіляў, а доля Belgee на расейскім рынку склала 6,39%.
У першай пяцёрцы беларуская кампанія пацясніла кітайскі Changan, які раней займаў гэтае месца. Агулам жа лідарства на расейскім рынку з вялікай перавагай захоўвае LADA, на долю якой прыпадае 22,6% рынку.
Польскі горад Кельцэ – у цэнтры ўвагі ваеннай прамысловасці
Польскі горад Кельцэ зноў апынуўся ў цэнтры ўвагі ваеннай прамысловасці ў свеце. Ужо 33 раз у адміністрацыйным цэнтры Свентакшыскага ваяводства праходзіць Міжнародная выстава абароннай прамысловасці. Гэта адно з трох найбуйнейшых мерапрыемстваў такога тыпу ў Еўропе – пасля кірмашоў у Парыжы (Eurosatory) і Лондане (DSEI).
35 краін, больш за 800 кампаній, дэлегацыі з 45 краін, у тым ліку 21 амбасадар і 40 тысяч квадратных метраў выставачнай плошчы – такім чынам можна падсумаваць Міжнародную выставу абароннай прамысловасці. Падчас выставы падпісваюць пагадненні. Так буйная прыватная польская кампанія па вытворчасці ўзбраення і ваеннай тэхнікі Група WB і паўднёвакарэйская кампанія Hanwha Grup сумесна пабудуюць у Польшчы завод па вытворчасці ракет CGR-080 для дальнабойнай пускавой устаноўкі Homar-K.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае: belmarket.by.






