Па стане на канец чэрвеня золатавалютныя рэзервы Беларусі склалі 11,537 млрд даляраў. За мінулы месяц ЗВР выраслі на 379,3 млн даляраў. Асноўны ўклад у павелічэнне рэзерваў унёс прырост актываў у замежнай валюце. Уплыў цэн на золата было невялікім. З пачатку года ЗВР Беларусі выраслі ўжо на 2,5 млрд даляраў.

Чаму ў Беларусі растуць тэрміновыя рублёвыя дэпазіты?
На 315 мільёнаў рублёў выраслі ў траўні дэпазіты беларусаў у рублях і дасягнулі да пачатку чэрвеня сумы ў 12,4 мільярда рублёў. Такія лічбы падае Нацыянальны банк. Пры гэтым рост з пачатку года перавысіў паўтара мільярда.
Драйверам росту стала працэнтная палітыка беларускіх банкаў, якая стымулюе доўгатэрміновыя зберажэнні ў нацыянальнай валюце. Так у траўні сярэдняя працэнтная стаўка па доўгатэрміновых укладах у рублях склала 14,6% гадавых, агулам па тэрміновых рублёвых дэпазітах – 12,7%. Менавіта такія дэпазіты складаюць 61,5% ад усіх рублёвых дэпазітаў насельніцтва, а годам раней было на дзесяць працэнтаў менш. На думку Нацбанка, гэта сведчыць пра рост даверу да беларускага рубля з боку беларусаў.
Браты Сахашчыкі далі старт продажу кватэр пад Варшавай
У пачатку лета кампанія Валерыя і Алега Сахашчыкаў Chicago Urban Development завяршыла продаж кватэр у першым для іх дэвелаперскім праекце Osiedle Raclawicka у гарадку Мшчонуў пад Жырардувам. І, як піша тэлеграм-канал Вадзіма Сяховіча, практычна адразу прыступіла да рэалізацыі жылой нерухомасці ў новым комплексе Zakątek Chmielna у самым Жырардуве. Цяпер там прадаюцца восем апартаментаў з участкамі і парковачнымі месцамі ў першых двух дамах, а кошт вагаецца ў межах ад 479 да 779 тысяч злотых. Агулам у плане – 15 дамоў. Генеральным падрадчыкам жылога комплексу з’яўляецца будаўнічая кампанія былога чальца Аб’яднанага пераходнага кабінета Валерыя Сахашчыка і яго сваякоў пад назвай Sahaty.
Дарэчы ў 2023 годзе гэтая кампанія стала адным з самых буйных будаўнічых бізнесаў з беларускім капіталам у Польшчы, і можа захаваць гэты статус і па выніках 2024 года.
Памежны кантроль ударыць па прыбытках польскіх перавозчыкаў
Нават частковае вяртанне памежнага кантролю можа павялічыць транспартныя выдаткі на некалькі працэнтаў. Перавозчыкі асцерагаюцца дрэннай арганізацыі і шматкіламетровых чэргаў, — піша польскае выданне Puls Biznesu.
Раней прэм’ер Польшчы Дональд Туск паведаміў, што з 7 ліпеня краіна аднаўляе кантроль на некаторых участках мяжы з Германіяй і Літвой. Кантроль будзе выбарачным, часовым і будзе мець прафілактычны характар, ахопіць аўтамабільныя, чыгуначныя і пешаходныя пераходы. Як адзначае выданне, хоць мэта такіх дзеянняў — бяспека дзяржавы, іх эканамічныя наступствы, асабліва для транспартнага сектару, могуць быць істотнымі. Паводле ацэнак, польскія праверкі могуць павялічыць затрымкі да 60–90 хвілін. Каб пазбегнуць затораў, эксперты раяць вылучаць асобныя палосы для транспарту, які не падлягае праверцы.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае: pixabay.com.