BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Звальняюць больш, чым наймаюць на працу

За дзевяць месяцаў года звольнена на 8,5% больш работнікаў, чым нанята, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Сітуацыя ў разрэзе рэгіёнаў выглядае так: найбольшы працэнт звольненых назіраецца ў Магілёўскай і Гомельскай абласцях, там розніца паміж звольненымі і нанятымі на працу дасягае 10-12 працэнтаў. Найлепшая сітуацыя ў Менску – там звольнілі на 3,8% больш, чым нанялі на працы.

Узровень беспрацоўя, разлічаны ў адпаведнасці з метадалогіяй Міжнароднай арганізацыі працы (фактычнае беспрацоўе), у трэцім квартале крыху знізіўся і склаў 2,9%.

У Бабруйску прадаюць кавалак крэпасці

На аўкцыённай пляцоўцы GosTorg з’явілася аб’ява аб продажы фрагмента знакамітай Бабруйскай крэпасці. Стаць яе ўладальнікам можна ўсяго за 40 рублёў, піша Blizko.by.

Двухпавярховы корпус пабудаваны ў 1820 годзе. Прызначэнне зямельнага ўчастка — для размяшчэння аб’ектаў аптовага гандлю, матэрыяльна-тэхнічнага і харчовага забеспячэння, нарыхтовак і збыту прадукцыі. Пры гэтым аб’ект нерухомасці знаходзіцца ў зоне рэгулявання забудовы гісторыка-культурнай каштоўнасці «Бабруйская крэпасць». Тут можна размяшчаць рэстараны, кафэ, гандлёвыя аб’екты, клубы па спартыўных інтарэсах, трэнажорныя і спартыўныя залы. Абавязковая ўмова продажу: выкананне пакупніком рамонтна-рэстаўрацыйных работ на аб’екце нерухомасці на працягу не больш за тры гады з даты заключэння дагавора куплі-продажу. Аўкцыён адбудзецца 19 лістапада.

Пастаўкі двух беларускіх прадпрыемстваў аднавілі ў Расею

Пастаўкі прадукцыі прадпрыемства ТАА “Вялес-Міт”, а таксама корму для рыб ласосевых парод ад ЗАТ “Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя” аднавілі на расейскі рынак. Пра гэта гаворыцца ў лісце Рассельгаснагляду. У расейскім ведамстве ўдакладнілі, што прадукцыя гэтых прадпрыемстваў павінна быць выпрацавана не раней за 31 кастрычніка. У пачатку кастрычніка пастаўкі названай прадукцыі забаранілі, бо знайшлі ў ёй або незаяўленыя кампаненты, або нават лістэрыі, піша Office Life.

З 14 кастрычніка таксама аднавіліся пастаўкі ў Расію прадукцыі ААТ “Магілёўскі мясакамбінат”.

Беларусы трымаюць у грузінскіх банках больш за 120 мільёнаў даляраў

Гэта падлічыў “Позірк”, прааналізаваўшы звесткі Нацыянальнага банка Грузіі. У Грузіі, як вядома, існуе даволі вялікая беларуская дыяспара. Сюды пераехалі як палітычныя, так і эканамічныя мігранты. На канец верасня бягучага года на дэпазітах у банках Грузіі, як піша выданне, фізічныя асобы захоўвалі 29,91 мільярда лары (10,88 мільярда даляраў ЗША). Пры гэтым доля нерэзідэнтаў у гэтай суме складала 28,5%. Грамадзянам Беларусі належала 4% гэтых унёскаў.

Паводле звестак беларускага праваабаронцы Рамана Кісляка, цяпер колькасць беларусаў у краіне скарачаецца і складае каля 11 тысяч чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота ілюстрацыйнае: трактор.бел/news.