Дзеяч беларускага нацыянальнага супраціву, адзін з лідараў і аўтар гімна Нарыльскага паўстання Рыгор Клімовіч нарадзіўся 3 кастрычніка 1924 года ў вёсцы Шляхецкая Ваколіца (цяпер в. Цярэшкавічы, Гомельскі раён). Паходзіў з сям’і аднадворнай шляхты. У сярэдзіне 1930-х гадоў бацьку Клімовіча «раскулачылі». Да беларускай ідэі Рыгор далучыўся ў дзяцінстве, калі чытаў беларускія кніжкі 1920-х гадоў.
Перад вайной і пачаткам нямецкай акупацыі паступіў у Гомельскі тэхнікум. У канцы 1942 года перайшоў лінію фронту і 6 месяцаў дабіраўся да Саратава, куды быў эвакуяваны Гомельскі тэхнікум. На пачатку 1943 г. разам з сябрам паехаў ў Маскву, там яго арыштавала НКВД як «шпіёна», імкнуліся інкрымінаваць забойства кіраўніка аднаго з партызанскіх аддзелаў, які ў 1942 г. базаваўся паблізу Гомеля. З 1943 па 1947 гг. Быў зняволеы ў Свярдлоўску. Напісаў некалькі дзясяткаў вершаў, якія выкрывалі сталінскі рэжым. За гэта Клімовіч быў пераведзены ў ў Горлаг пад Нарыльскам, які неафіцыйна лічыўся лагерам смерці. У 1950 годзе паўторна засуджаны тэрмінам на 10 гадоў за «антысавецкую дзейнасць». З 1950-га па 1953 год у Нарыльскай турме. У 1953 г. зноў пераведзены ў Горлаг. Там неўзабаве пачалося Нарыльскае паўстанне, якое было выклікана забойствамі вязняў і жахлівымі ўмовамі зняволення, Клімовіч стаў адным з лідараў паўстання.
25 траўня выбухнула паўстанне. Вязні патрабавалі прыезду з Масквы камісіі ЦК КПСС, а таксама рэабілітацыі ахвяраў вайны, іншадумцаў і вязняў, якія да 1939 года не былі грамадзянамі СССР. 7 чэрвеня з Масквы прыбыла камісія. 3 ліпеня паўстанне было задушанае расстрэламі. Усяго была забіта больш за тысячу зняволеных. Але маскоўская адміністрацыя ГУЛАГу прыняла рашэнне пра расфармаванне Горлагу. Пасля паўстання вязняў развезлі па іншых лагерах з мякчэйшым рэжымам, што дазволіла ўратаваць шматлікія людскія жыцці. Тэкст гімна паўстанцаў быў напісаны Клімовічам.
З канца 1953 па 1956 год быў у турмах Уладзіміра і Іркуцка, а таксама ў Азёрлагу. Яго яшчэ раз судзілі за «антысаветчыну», якая выявілася ў адмове працаваць, але амністыйнай пастановай Рыгор Клімовіч быў вызвалены. На волі адразу пачаў гуртаваць вызваленых паплечнікаў. На пачатку 1957 года было створанае ядро арганізацыі, якая планавала паўстанне супраць савецкага рэжыму. Зноў быў арыштаваны, але праз тры месяцы выпушчаны, бо адзін з удзельнікаў арганізацыі, украінец Дужынскі, усю адказнасць узяў на сябе.
З 1957 года быў пад наглядам КГБ, але падтрымліваў сувязі паміж былымі вязнямі ГУЛАГу, распаўсюджваў праўду пра злачынствы савецкага рэжыму. Падрыхтаваў рукапіс успамінаў «Канец Горлагу». Інфармацыя пра Нарыльскае паўстанне адкрыта прагучала ў 1991 годзе ў Кіеве. Тады ж упершыню публічна заяўлена, што Клімовіч – аўтар гімну паўстанцаў «Не страшны нам тыранствы бальшавізму». Гімн перакладзены на польскую, нямецкую, літоўскую і ўкраінскую мовы.
З пачатку 1990-х гадоў Рыгор Клімовіч актывізаваў сваю грамадскую дзейнасць. Дапамагаў ветэранам-вязням у Беларусі. Быў ганаровым сябрам Нарыльскага, Іркуцкага, Пермскага і Чалябінскага таварыстваў «Мемориал». У 1993 годзе маскоўская студыя «Лад» зняла пра Клімовіча дакументальны фільм. Уздымаў праблематыку удзелу беларусаў у антысталінскім супраціве. Па яго ацэнках у Нарыльскім паўстанні бралі ўдзел больш за 5 тысячаў беларусаў, чацвёра з якіх узначалілі паўстанцкія камітэты.
Памёр Рыгор Клімовіч 1 ліпеня 2000 года ў Гомелі. Пахаваны на могілках в. Церуха (Гомельскі р-н).
Тыднёвік “Ніва”, № 40, 2024 год