
Уладзімір Стрыгуцкі (злева) з Лявонам Луцкевічам (сын прэм’ера БНР Антона Луцкевіча) на спецпасяленні
Беларускі грамадскі актывіст, вязень ГУЛАГу, адзін з стваральнікаў гомельскай філіі Беларускага Народнага Фронту Уладзімір Стрыгуцкі нарадзіўся 29 кастрычніка 1924 года ў Барысаве. Значная частка яго жыцця была звязаная з Гомелем.
Паводле некаторых звестак, Уладзімір Стрыгуцкі напярэдадні нападу нямецкіх войскаў на СССР у 1941 годзе быў студэнтам адной са сталічных навучальных установаў. Падчас акупацыі публікаваўся ў выданнях, якая выходзілі ў той час на падкантрольнай немцам тэрыторыі. Пасля вайны гэты факт, відаць, стаў адным з пунктам абвінавачання, у выніку чаго журналіста-пачаткоўца пакаралі ажно 10-цю гадамі катаржных работ ва ўмовах расейскай Поўначы.
У 1942 годзе Валодзю вывезлі на прымусовыя працы ў Нямеччыну. Потым ён трапіў у Францыю, дзе працаваў аўтамабільным механікам, рамантаваў машыны ў нейкага гаспадара. Але не застаўся за мяжой. Яго цягнула ў Беларусь, хоць ён і ведаў, што яго чакае. Як толькі ён вярнуўся на радзіму, яго адразу «закалашмацілі ў тую калясніцу». Судзілі яго па 58 артыкуле ды накіравалі на Поўнач», – згадвала ўдава палітвязня Яніна Стрыгуцкая.
Сяброўства дзяцей прэм’ер-міністра БНР Антона Луцкевіча Юркі і Лявона з журналістам-пачаткоўцам Уладзімірам Стрыгуцкім пачалося на ўранавых рудніках расейскай Поўначы, дзе яны апынуліся па заканчэнні ІІ Сусветнай вайны пасля хуткага савецкага суда і высылкі з Беларусі. Пазнаёміліся яны на спецпасяленні Матросава, што ў Магаданскай вобласці. Луцкевічы вельмі паўплывалі на светагляд Стрыгуцкага. Праз усё жыццё «калымскія аднапалчане» пранеслі пачуццё сяброўства, дзяліліся ў перапісцы сваімі побытавымі праблемамі, абмяркоўвалі ізраільскія перамогі над арабамі і кітайскую пагрозу, распавядалі пра поспехі ў выхаванні дзяцей і пра дэфіцыт у савецкіх крамах, планавалі супольны адпачынак. У Стрыгуцкага былі праблемы з жыллём у Беларусі, у адным з лістоў 1966 года Юрка Луцкевіч разглядаў магчымасць яго пераезду ў Вільню, але Стрыгуцкі застаўся ў Беларусі.

У прыватным архіве гомельскага антысаветчыка Уладзіміра Стрыгуцкага знаходзяцца напісаныя ад рукі зацемкі пра праблемы авіяцыйнага спалучэння на савецкай Поўначы, таксама ёсць чарнавікі артыкулаў пра інавацыі на залатых капальнях. Нават на Калыме былы вязень канцлагераў не забываўся на свае журналісцкія навыкі, атрыманыя падчас вучобы ў сталіцы БССР у 1940-х. У перапісцы з Луцкевічамі Стрыгуцкі таксама дэталёва фіксаваў навакольную рэчаіснасць, рабіў трапныя назіранні, што адзначалі ягоныя сябры. І зусім не выпадкова, што менавіта Юрка Луцкевіч стаў першым чытачом і рэцэнзентам невядомага літаратурнага твора Уладзіміра Стрыгуцкага, які ён даслаў на вычытку ў 1960-х. Гэты раман, на жаль, так і не быў дапісаны.
У канцы 1980-ых Стрыгуцкі разам з іншымі быў ля вытокаў гомельскага Беларускага Народнага Фронту, удзельнічаў у з’ездзе беларусаў свету ў 1993 годзе і дзейнасці аб’яднання беларускіх палітвязняў, выступаў перад школьнікамі. Але вельмі хутка сітуацыя ў Беларусі зноў змянілася да горшага.
Памёр Уладзімір Стрыгуцкі ў Гомелі 3 сакавіка 2005 года. Пахавалі яго пад бел-чырвона-белым сцягам. На жаль, у вікіпедыі нават няма артыкула, прысвечанага гэтаму слыннаму беларусу. Частку матэрыялаў з яго архіву агучыў і апублікаваў на Беларускім Радыё Рацыя гомельскі журналіст Мікола Бянько.
Тыднёвік “Ніва”






