Сёння роўна чатыры гады з моманту гвалтоўнай смерці менчука Рамана Бандарэнкі.
11 лістапада 2020 года смелы беларус выйшаў у двор уласнага дома, дзе яго жорстка збілі і адвезлі ў міліцыю, пасля чаго з цяжкімі траўмамі і без прытомнасці даставілі ў бальніцу, дзе 12 лістапада ён памёр.
У збіцці Рамана Бандарэнкі бралі ўдзел, як пазней паведамлялі СМІ, набліжаныя да Лукашэнкі Дзмітрый Шакута і Дзмітрый Баскаў. Аднак крымінальная справа так і не была ўзбуджаная.
Цяпер да даты 12 лістапада прымеркаваны Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю. Святлана Ціханоўская заклікала ўсіх у гэты дзень публікаваць заявы, ладзіць імпрэзы салідарнасці, дзяліцца навінамі з Беларусі ў сацсетках, ахвяраваць грошы ў фонды падтрымкі палітвязняў, а таксама палка Каліноўскага.
На жаль, смерць Рамана Бандарэнкі ад рук памагатых дыктатара не стала апошняй. Потым у вязніцы быў забіты Вітольд Ашурак, Алесь Пушкін і іншыя. За кратамі катуюць палітвязняў і здзекваюцца з іх. Толькі за апошнія 4 гады мінімум 18 чалавек было забіта або закатавана рэжымам, а рэпрэсіі ў кране не спыняюцца – яны сталі страшнай часткай штодзённасці, адзначае Святлана Ціханоўская.
Сёння ў Беластоку каля беларускага Генеральнага консульства па адрасе Сквер Вольнай Беларусі 1, у 18.00 запланавана акцыя памяці ахвяр лукашэнкаўскага рэжыму і выражэнне салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. Арганізатары – беларуская дыяспара Беластока запрашаюць прыняць удзел у мерапрыемстве і заклікаюць прыносіць знічы, кветкі, бел-чырвона-белыя сцягі, каб паказаць, што «мы не забыліся, не спыніліся і што нам не ўсё адно».
Беларускае Радыё Рацыя