
Беларускі грамадска-палітычны актывіст, палітвязень Вітольд Ашурак нарадзіўся 13 кастрычніка 1970 года ў вёсцы Агароднікі (Лідскі раён, паблізу горада Бярозаўка). Пасля школы Вітольд уладкаваўся на шклозавод «Нёман», дзе працаваў выдзьмувальнікам. Затым звольніўся і пачаў зарабляць будаўнічымі працамі. Займаўся таксама жывапісам.
У 2010 годзе пасля прэзідэнцкіх выбараў удзельнічаў у мірных пратэстах 19 снежня ў Мінску, яго затрымалі і засудзілі да 12 сутак арышту. Неўзабаве ўступіў у БНФ, потым стаў сябрам Сойма партыі. Пастаянна ўдзельнічаў ў Дні памяці паўстанцаў 1863 года ў Свіслачы і Якушоўцы, за што неаднаразова пераследаваўся. Прыязджаў на акцыі ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну.
Ашурак уздымаў экалагічныя праблемы. Разам з паплечнікамі судзіўся са шклозаводам за парушэнне Орхукай канвенцыі, дамагаўся грамадскіх слуханняў па пытанні арганізацыі вытворчасці шкловаты – урэшце на заводзе пабудавалі больш бяспечную высокатэмпературную печ, дзе спальвалі шкодныя адкіды. Калі пачаўся мор рыбы ў рацэ Дзітва, каб прыцягнуць увагу да праблемы, зрабіў акцыю на прыступках райвыканкаму, за што быў аштрафаваны. Аднак неўзабаве пачалося пашырэнне лідскіх ачышчальных збудаванняў. У Лідскім раёне шмат зрабіў, каб жыла памяць пра паўстанцаў 1863 года. У 2017-18 гадах Вітольд Ашурак разам са сваімі паплечнікамі аднавілі паміж вёскамі Малое Ольжава і Мохавічы (Лідскі раён) мемарыял паўстанцам.

Ашурак быў сябрам партыі БНФ, абласным каардынатарам руху «За свабоду». Балатаваўся ў мясцовыя дэпутаты і парламент. Браў актыўны ўдзел у вулічных акцыях у Лідзе ў час масавых мірных пратэстаў у 2020 годзе. Яго ўпершыню затрымалі 9 жніўня. Тады засудзілі на 20 сутак арышту: 15 за ўдзел у «несанкцыянаваным мерапрыемстве» і 5 за «непавагу да суда» (адмовіўся ўстаць, калі з’явіўся суддзя). Потым былі новыя арышты і пачатая крымінальная справа. Вітольда Ашурка перавялі ў гродзенскі СІЗА па крымінальным артыкуле.
Суд быў закрытым. Яго судзілі па двух артыкулах: «Гвалт ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных спраў» і «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Па першым артыкуле суддзя Максім Філатаў пастанавіў пакараць актывіста 4 гадамі калоніі, а па другім – 2 гадамі і 4 месяцамі. Шляхам частковага паглынання атрымалася 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму – на той час адзін з самых строгіх прысудаў для ўдзельнікаў паслявыбарчых акцый пратэсту. Людзі пачалі крычаць суддзю «Ганьба!» і падтрымліваць засуджанага. На наступны дзень пасля працэсу ў лідскім судзе 8 чалавек затрымалі па крымінальнай справе аб хуліганстве. 27 студзеня 2021 года супольнай заяваю адзінадцацці арганізацыяў Вітольд Ашурак быў прызнаны палітычным зняволеным.
У сярэдзіне красавіка 2021 года стала вядома, што апеляцыя Ашурка на прысуд, якая разглядалася ў яго адсутнасць, была не задаволеная. У адным з апошніх лістоў Ашурак паведаміў, што турэмнае начальства прымусіла яго і іншых палітычных зняволеных насіць жоўтую бірку, каб яна вылучала іх сярод вязняў.
Паводле афіцыйнай версіі 21 мая 2021 года Вітольд Ашурак памёр у Шклоўскай калоніі № 17. Фактычна быў закатаваны, але па фактах катаванняў крымінальная справа не была пачата. Пахаваны 26 траўня ў роднай Бярозаўцы, накрыты бел-чырвона-белым сцягам.






