BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

15 ліпеня пачнецца завочны суд па справе экс-супрацоўніц TUT.ВY

Менскі гарадскі суд 15 ліпеня пачне разглядаць крымінальную справу ў дачыненні да былых супрацоўніц партала TUT.ВY Вольгі Лойка, Алены Талкачовай і Кацярыны Ткачэнка, вынікае з раскладу пасяджэнняў на сайце электроннага судаводства.

Абвінавачванне прад’яўленае паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы), ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў), ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі).

Весці працэс прызначаная суддзя Валянціна Зянькевіч, піша @pozirkonline.

Журналісткі Вольга Лойка, Алена Талкачова, юрыстконсульт Кацярына Ткачэнка, якія праходзяць па справе TUT.by, аб’яўленыя ў Беларусі ў вышук. Яны з’ехалі за мяжу. Крымінальную справу ў дачыненні да іх вылучылі ў асобную вытворчасць. Вольгу Лойку і Алену Талкачову КДБ унёс у «спіс тэрарыстаў».