
У нас сёння незвычайны госць — прадстаўнік моладзі Украіны, 17-гадовы студэнт Міраслаў Плахотнік. Нягледзячы на свой узрост, Міраслаў — мэтанакіраваны чалавек, даволі адказны, мае цвярозы погляд на жыццё. Навіны чытае як на украінскай, так і на ангельскай мовах. З нашым маладым госцем мы паразмаўлялі пра падзеі ва Украіне, перамогу, недахоп людскіх рэсурсаў і як можа скончыцца вайна на яго Радзіме.
РР: Як вы апынуліся ў Варшаве?
— Мне здаецца, 6 сакавіка 2022 года мы выехалі з Украіны пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання, і з таго часу я тут жыву. Час ад часу ездзіў ва Украіну, але цяпер мне споўнілася 17 гадоў у гэтым годзе, таму я ўжо перастаў ездзіць, бо не ведаю, ці змагу выехаць назад. Ну, я тут паступіў ва ўніверсітэт, таму хачу вярнуцца і працягваць навучанне.
РР: У які ўніверсітэт вы паступілі?
— Я паступіў у Варшаўскую палітэхніку, буду вучыцца на ангельскай, паступіў як міжнародны студэнт. Спецыяльнасць — аэракасмічная інжынерыя.
РР: Гэта што вы будзеце рабіць у будучыні?
— Гэта будаўніцтва рухавікоў для ракет, самалётаў, карпусоў для самалётаў, ну і ўсяго, што з гэтым звязана, напрыклад, магчыма, змешванне паліва і іншае. Гэта можа быць як грамадзянская, так і ваенная інжынерыя.
РР: Чаму выбралі такую спецыяльнасць?
— Насамрэч шмат прычын. Мне здаецца, гэта вельмі цікава, яна ў нейкай ступені складаная, але, у сэнсе, ёсць выклік, заўсёды можна даследаваць або ўдасканальвацца ў ёй. Ну і добра аплачваецца. Я магу, калі буду працаваць у абароннай галіне, напрыклад, у краінах НАТА ім вельмі дапамагаць, ну і мне самому будуць добра плаціць. Я б ва Украіне працаваў, толькі там, па тым, што я чуў, плацяць нешта каля 5 тысяч грыўняў, у той час як у краінах ЕЗ плацяць 5 тысяч даляраў за тую ж самую працу літаральна. Таму з гэтым крыху складана. Але калі будуць нармальныя ўмовы, то я ўжо з вопытам вярнуся і буду там дапамагаць нешта рабіць.
РР: А бацькі дзе, з вамі тут жывуць, у Польшчы?
— Мая мама тут жыве ў Польшчы, а з татам яны развяліся, мне, мабыць, было тры гады, і ён жыве ў Львове ўвесь гэты час, таму з намі не паехаў.
РР: У мамы, адзін, так?
— Так, так.
РР: І мама тут працуе?
— Мама ў асноўным працуе або ў інтэрнэце, праводзіць нейкія канферэнцыі, або тут з украінцамі. Яна коўч, стараецца падтрымліваць Украіну, таму звычайна працуе з украінцамі. Мне даволі цяжка сказаць, што яна тут інтэграваная ў Польшчу. Але фактычна так: тут перабывае і працуе адсюль.
Цалкам слухайце размову ў далучаным файле:
З госцем Беларускага Радыё Рацыя размаўляла наш карэспандэнт Аліна Андрыевіч.
Беларускае Радыё Рацыя






