BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

19-гадовы хлопец пагражаў забойствам беларусу і ўкраінцы ў Варшаве

Затрыманне нападніка / Praga-polnoc.policja.gov.pl


Паліцыя Варшавы затрымала 19-гадовага хлопца, які пагражаў украінцы і беларусу. Яму не спадабалася, што яны гавораць на чужой для яго мове, пра гэта піша “Мост”. Інцыдэнт адбыўся ўвечары 18 лістапада. Украінку і беларуса хлопец убачыў на другім баку вуліцы. Іх размова раз’юшыла хлопца: спачатку ён стаў абражаць іх і крычаў, каб тыя вярталіся ў сваю краіну, а пасля стаў пагражаць збіццём і забойствам. Завязалася бойка, і паляк у выніку ўцёк. Пара патэлефанавала ў паліцыю і паведаміла пра здарэнне. Праз некаторы час паляк сам вярнуўся да хостэла, дзе разбіў шкло ўваходных дзвярэй. Пасля гэтага яго затрымалі паліцэйскія. Пры сабе ў яго знайшлі складаны нож і даставілі ў пастарунак. Там яго праверылі на цвярозасць — тэст паказаў 1,3 праміле. Ноч маладому чалавеку давялося правесці ў паліцэйскім пастарунку.

Следчыя ўзялі паказанні ў пацярпелых і апыталі сведак. Парушальнік абвінавачваецца ў пагрозе забойствам на нацыянальнай глебе, а таксама ў псаванні маёмасці. Яму пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Беларускае Радыё Рацыя