19 снежня – 13-я гадавіна Плошчы 2010 года. Тады каля 40 тысяч чалавек сабраліся на плошчы Незалежнасці, каб выказаць сваю нязгоду з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў. Пасля таго, як невядомыя асобы спрабавалі штурмаваць Цэнтрвыбаркам, міліцыя і ўнутраныя войскі зладзілі брутальны разгон дэманстрацыі. Сотні людзей былі збітыя і кінутыя за краты.
Пасля аб’яўлення вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у сталіцы прайшла масавая вулічная акцыя, якую разагналі сілавікі. Паводле афіцыйных вынікаў, Лукашэнка набраў тады 79,65% (апазіцыя ў яго перамогу ў першым туры не верыла). Сярод іншых дзевяці кандыдатаў найбольш атрымаў Андрэй Саннікаў – 2,43%. На Кастрычніцкай плошчы на акцыю пратэсту сабраліся дзясяткі тысяч чалавек, якія пасля прайшлі па праспекце Незалежнасці да Дома ўраду. Яшчэ да абвяшчэння вынікаў выбараў адбыўся напад на кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева і яго каманду. Збітага Някляева завезлі ў шпіталь, адкуль яго пасля забралі ў СІЗА КДБ. Агулам былі затрыманыя 7 кандыдатаў у прэзідэнты.
Па выніках брутальнага разгону Плошчы, каля 700 чалавек былі засуджаныя да адміністрацыйных арыштаў. Каля 50 чалавек праходзілі па крымінальнай справе аб масавых беспарадках. Апошнія з іх выйшлі на волю толькі ў канцы лета 2015 года.
Беларускае Радыё Рацыя