BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

1982 пілігрымы прыехалі на роварах і прыйшлі пешкі на фэст у Будслаў

5-га ліпеня ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай на агульнабеларускі фэст прыбылі 5 роварных і 19 пешых пілігрымак з розных мясцін з усіх дыяцэзій Беларусі, паведамляе catholic.by.

Усяго ў гэтых паломніцтвах узялі ўдзел 1982 чалавекі. Такім чынам, сёлета пілігрымкавы рух яшчэ больш актывізаваўся і практычна выйшаў на «дакавідны» ровень.

На роварах на фэст ехалі велапілігрымы з Ашмянаў, Берасця, Гародні, Менска і Мядзела — усяго 36 удзельнікаў.

Пешкі ішлі пілігрымы з Барысава, Вілейкі, Маладэчна, Нарачы, Ракава, тры пілігрымкі з Менска, (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія); з Браслава, Віцебска, Глыбокага, Мёраў, Паставаў, Полацка, Росіцы (Віцебская дыяцэзія); з Ліды і Смаргоні (Гарадзенская дыяцэзія); а таксама дзве пілігрымкі з Баранавічаў (Пінская дыяцэзія).

Найбольш працяглым па адлегласці быў шлях пілігрымак з Баранавічаў, удзельнікі якіх пераадолелі за дзевяць дзён каля 290 кіламетраў. Прычым адна з гэтых пілігрымак у складзе трох асобаў — святара, брата капуцына і сястры эльжбетанкі — ішла ў фармаце Сант’яга, гэта значыць усе свае рэчы пілігрымы неслі на сабе.

Самай шматлікай традыцыйна стала пілігрымка з Менска, якую вялі ксяндзы хрыстусоўцы. Сёлета ў ёй узялі ўдзел больш за тры сотні ўдзельнікаў.

Усе пілігрымкі пры ўваходзе ў Нацыянальны санктуарый сустракаў пробашч будслаўскай парафіі ксёндз Дзмітрый Дубовік.

Кожнай з груп пры ўваходзе ў святыню ён казаў некалькі словаў, а потым крапіў вадою пілігрымаў, якія ўваходзілі ў дом Бога і Яго Маці, па традыцыі ідучы на каленях апошнія метры да цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай.